Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
УВОДЗІНЫ.docx
Скачиваний:
9
Добавлен:
26.08.2019
Размер:
115.8 Кб
Скачать

5 “ Вобраз жанчыны” ў творчасці шамякіна 90 гадоў 20 стагоддзя

Любовь – благо, быть любимым -

счастье.

Какое странное и верное слово,что

муж и жена (если они живут духовно)

не двое, а одно существо.

Леў Талстой.

Ці ёсць у творах пісьменніка “герой з вялікай літары” ? Думаецца, ёсць. Гэта вобраз вернай спадарожніцы жыцця пісьменніка Марыі Філатаўны. У аповесці “Слаўся, Марыя!” (1998) гучыць хваласпеў жонцы і жанчыне – маці. Смерць гэтага самага блізкага, бясконца дарога чалавека стала надзвычай балючай трагедыяй. Таму шамякінскі твор, які мае падзагаловак “Гісторыя кахання, любві, жыцця”, - яшчэ і споведзь – плач, своеасаблівы літаратурны помнік. Марыя Філатаўна на доўгія гады зрабілася апякункай таленту пісьменніка, разам яны былі адным непадзельным цэлым. З жонкай ён спазнаў вялікае чалавечае шчасце. Для яго Марыя Філатаўна была простай, зямной і ў той жа час незвычайнай, увасабленнем усяго таго высокага, што можа несці ў сабе беларуская жанчына. Пісьменнік прызнаецца: ”Я аддаваў ёй перавагу над сабой, асабліва што датычыць захавання маралі, духоўнасці, вернасці, адданасці – усяго – ўсяго, чым так шчодра надзяліла яе прырода, сям’я, народныя традыцыі, і што яна непахісна пранесла праз усё жыццё” [8, с. 26].

Марыя Філатаўна натхняла пісьменніка на творчасць: ”Ад яе як бы сыходзілі нейкія асаблівыя флюіды натхнення, працавітасці” [7, с. 114]. І. Шамякіну добра пісалася толькі тады, калі побач былі жонка і сям’я. Ды і сама яна рабілася аб’ектам мастацкага ўвасаблення і тыпізацыі. Іван Навуменка сказаў (гэтыя словы прыведзены ў тэксце твора): “Марыя Філатаўна з’явілася прататыпам многіх вобразаў жанчын у шамякінскіх раманах, аповесцях. Можаце ўявіць, якая гэта была натура, які характар, калі гэтага хапіла на дзесятак,калі не больш, яркіх, запамінальных характараў беларускіх жанчын” [21, с.18]. Вобраз Сашы Траянавай з пенталогіі ”Трывожнае шчасце” найбольш поўна ўвасабляе характар жонкі пісьменніка Марыя Філатаўна дала сюжэт для першай часткі рамана “Глыбокая плынь”, яна ж стала правобразам Таццяны Маеўскай. “Думаю, такая бліскасць прататыпаў герояў абумовіла поспех першага майго рамана…” [8, с. 26]. – так празаік тлумачыць адну з прычын фенаменальнага поспеху гэтага твора. Жончыны рысы, і найперш такія, як адданасць і вернасць мужу, сям’і, пісьменнік надаў фельчарцы Таісе Батрак з рамана “Вазьму тваю боль” і Паліне Шугачовай з “Атлантаў і карыятыдаў”. Большасць шамякінскіх гераіняў – станоўчых ці супярэчлівых – увабралі хоць штосьці ад жаночай сутнасці Марыі Філатаўны: Вольга Ляновіч (“Гандлярка і паэт”), Галіна Адамаўна, жонка доктара Яраша (“Сэрца на далоні”) і інш. Пісьменнік неаднойчы на старонках аповесці адзначае выключную ролю асобы Марыі Філатаўны ў працэсе мастацкай вобразатворчасці: “Я пісаў самага дарагога мне Чалавека пад іншымі імёнамі, ставячы яе ў розныя сітуацыі…” [8, с. 27].

Марыя Філатаўна была незаменнай памочніцай у пісьменніцкай працы: перадрукавала дзесяткі тысяч старонак рукапісаў твораў, перачытала тысячы старонак карэкатур. Яна стварала ўмовы для творчасці, атуляла мужа ўвагай, цеплынёй, чуласцю. А яшчэ мы даведваемся з аповесці, што Марыя Філатаўна была пісьменніку дарадцам. Шамякін лічыўся з жончынымі меркаваннямі і ацэнкамі. Так, празаік раіўся з ёй пры стварэнні асобых жаночых вобразаў. Тады, калі “пісаў Вольгу” (аповесць “Гандлярка і паэт”), пісьменнік цікавіўся яе думкай пра тое, ”як бы яна паступіла, каб апынулася ў такіх умовах, у такіх узаемаадносінах з людзьмі…” [8, с. 27]. Ён піша: ” І што мяне радавала: як правіла, яе ход быў такі ж, які ўжо быў у маёй галаве, часцей – больш дакладна вывераны. Гэта пераканала мяне, што я на правільным шляху ў стварэнні вобраза гандляркі і падпольшчыцы” [8, с. 28].

Іван Шамякін не меў патрэбы ў мастацкім вымысле, ён імкнуўся, каб з твора перад намі паўстаў вобраз жывой і рэальнай жанчыны. Аўтар распавядае гісторыю іх чалавечых узаемаадносінаў. А складваліся яны, зразумела, па-рознаму, не было бясхмарным сямейнае жыццё. У іх была свая “непаўторная вясна”, якая, як і для герояў пенталогіі “Трывожнае шчасце”, прыпала на перадваенны час. Каханне Івана Пятровіча і Марыі Філатаўны вытрымала складанае выпрабаванне часам, яго не патушыў “агонь і снег” вайны, не разламалі жыццёвыя праблемы. У чым сакрэт трываласці іх сямейнага шчасця? Вось які адказ дае пісьменнік: ” А каханне…перарасло ў любоў у высокім сэнсе гэтага слова, у роднасць – такую, якую варта пісаць з вялікай літары” [8, с. 29]. Лёс з’яднаў іх сэрцы і душы, у якія ва ўнісон гучала адна мелодыя – кахання і любові. Каханне, як прызнаецца Іван Пятровіч, дапамагло яму стаць пісьменнікам, па-сапраўднаму радавацца жыццю.

Чытаючы аповесць, адчуваецца, як сэрца пісьменніка напаўняе пачуццё безмежнай любові і павагі да жонкі, якая для яго – багіня, святая: ”Мяне да старасці хвалявала ўсё, што звязана было з яе маленствам, з яе сталым жыццём. Я пакланяўся сцежкам, па якіх яна хадзіла, рэчцы, у якой купалася” [21, с. 132]. Пісьменнік асабліва моцна быў прылучаны да жончынай “малой радзімы” – Церухі. Тут прайшло нямала радасных дзён і хвілін іх сямейнага жыцця.

“Якая ў вас жонка! Разумніца. Далікатная” [8, с. 27]., - такія словы захаплення чуў пісьменнік пра сваю Марыю Філатаўну. А яшчэ яна была – і аўтарскія ўспаміны яскрава засведчылі пра гэта – сумленнай і праўдалюбівай, разважліва – мудрай і інтэлігентнай, па-чалавечы годнай і проста дасціпнай. На радзіме доўга памяталі яе шчырую і бескарыслівую працу ў пасляваенныя гады. Пісьменнік прыгадвае: ” Вяскоўцы любілі сваю фельчарыцу. І яна аддавала ім не толькі свае веды, вопыт, цеплыню сэрца – да хворага ў дальнюю вёску магла пайсці ў любы час, у любое надвор’е, - але магла аддаць апошняе” [8, с. 27]. У творы багата прыкладаў і фактаў, якія раскрываюць духоўна – маральнае аблічча жонкі І. Шамякіна.

Асоба Марыі Філатаўны цікавая ў многіх адносінах. І ўсё ж самым галоўным і святым для гэтай жанчыны была сям’я. Сваё жыццё яна шчодра ахвяравала родным і блізкім людзям, клапацілася пра іх. Была цудоўнай маці, дбайнай гаспадыняй, гатовай на ўсё дзеля шчасця сваіх дзяцей і ўнукаў. Разам з мужам ёй было наканавана спазнаць найвялікшую трагедыю на зямлі – заўчасную смерць сына, і да самых апошніх дзён яна несла крыж мацярынскіх пакутаў.

Аўтар размаўляе ў творы з жонкай, быццам з жывой. Марыя Філатаўна была для пісьменніка добрым анёлам, які аберагаў, засцерагаў, дапамагаў. Яна, нібы цёплае сонца, асвятляла яго зямны шлях. І таму ён здолеў упэўнена ісці на сустрач жыццю, будучыні і ўзняцца да сапраўдных творчых вяршыняў. У сваёй жонкі пісьменнік бачыць абагульняльныя, тыповыя рысы беларускіх жанчын, ён верыць, “што такіх… нямала” [8, с. 27]. І ў той жа час яна была такая адна – унікальная і непаўторная. Ён самазабыў пакланяцца высакароднаму, самаахвярнаму жыццёваму подзвігу жанчыны, якую кахаў, якую ведаў, з якой меў шчасце раздзяліць свой пісьменніцкі і чалавечы лёс.

Адна з беларускіх жанчын-пакутніц – мнагадзетная маці Надзея Русак, гераіня аповесці “Палеская мадонна” (1996). У саўгасе яна была лепшай цялятніцай, за сваю працу атрымала ордэн. Але прыйшоў новы час – і эканамічны крызіс, сацыяльны хаос разбурылі жыццё простых людзей. Беларуская вёска апынулася ў заняпадзе. У аграфірме, дзе працуе Надзея Русак, затрымка з выплатай зарабаткаў: “Не сказаць, што ў фірме справы ішлі лепш, чым у былым саўгасе, ніхто не пазбегнуў цяжкасцей пераходнага перыяду. Жанчына не ведае, як адной пракарміць і выгадаваць дзяцей, і праз гэта пакутуе, а пазней трапляе ў бяду. Яе мужык Мікола пад Мазыром будуе для багатых катэджы, але пра сям’ю не дбае, прапівае заробленае. Пасля яго прыезду дамоў не стала самай дарагой рэчы – залатога пярсцёнка. Гэты ўчынак мужа балюча раніць сэрца Надзеі: “ Хвіліну стаяла ў прастрацыі, потым села не на ложак – на падлогу, як малая Юлька, і горка заплакала… Плакала ад крыўды і абразы. Кахая ж яна гэтага завадзягу, ветрагона…”[22, с. 93]. Дзеці хочуць есці, а ў хаце застаўся толькі кош бульбы. У гэтай цяжкай жыццёвай сітуацыі яна спадзявалася на дапамогу з боку прэзідэнта аграфірмы Валяр’яна Паповіча (вяскоўцы называюць яго Валяр’янавы). У душы накіпела крыўда: не стрымалася і запытала, на якія грошы, “родную партыю дурылі”. У выніку не дачакалася рэальнай дапамогі, яе звольнілі з працы. Здаецца, Надзея Русак не была лайдачкай, не адзін год працавала на ферме. Так, яна непакоіца, што хварэюць цяляты, і кажа кіраўніку аграфірмы, каб ім давалі малако, а не замежны канцэнтрат. І вось жанчына-працаўніца і мнагадзетная маці даведзена да роспачы і адчаю: “Адсутнасць працы моцна трывожыла. На мужаў заробак не спадзявалася. А дзяцей трэба карміць. Улетку яшчэ можна перабіцца: гурочкі выраслі, бульбачка, хоць і дробненькая. Але не ўгледзіш, як прыйдзе восень, за ёй зіма…”[8, с. 8]. Матэрыяльная нястача падштурхоўвае Надзею Русак апеляваць да высокай улады ў краіне, таму яна едзе ў Мінск шукаць праўду, заступніцтва і дапамогу.

У прывакзальным скверы да няшчаснай, гаротнай маці з сынам Юркам падышла Нінэль Іванаўна, якая прапанавала для яе сыночка райскае жыццё ў Галандыі. Уведзеная ў зман аферысткамі, якія гандлююць дзецьмі і выдаюць сябе за галандцаў, Надзея Русак магла назаўсёды страціць свайго Юрку. Пад уздзеяннем спіртнога, а магчыма, і наркотыкаў, яе “вымусілі падпісаць памеры… на ўсынаўленне” [8, с. 9]. Пасля таго, як зразумела, што пайшла на ганебны ўчынак, маці апамяталася. Падзеі ў аповесці разгортваюцца ў дэтэктыўным рэчышчы. Гандляроў дзецьмі затрымліваюць – і Надзеі Русак вярнулі Юрачку. Шамякінская гераіня, зразумела, не ідэальная, хтосьці, мабыць, пачне яе вінаваць, скажа, што тая не ўсё і не так робіць, як трэба было рабіць у яе бядотным становішчы. І ўсе ж гэтая жанчына выклікае спагаду, а часам і захапленне. Надзея Русак не страціла мацярынскага пачуцця: любіць і шкадуе сваіх Машу, Арцёма, Юльку і Юрачку, жадае ім інакшай долі. Для жанчыны-маці галоўнае – лёс дзяцей. Яна не скарылася лёсу, не кінулася ў п’янства і, нягледячы на нялёгкія выпрабаванні, да апошняга змагаецца за выжыванне сваёй сям’і. І яшчэ, Надзея мае чалавечую годнасць, непакорлівы, валявы характар і смеласць, бо, бяспраўдная і выкінутая на абочыну жыцця, не пабаялася гневу і расправы мясцовага князька Паповіча, паехала сказаць пра тое, “ што робяць Валяр’янавы”, “ што не толькі робіцца ў іх саўгасе, - на ўсім Палессі” [8, с. 9]. У гэтым творы яскрава выяўлена маральна-гуманістычная пазіцыя пісьменніка: “ Для ўратавання чалавека… тым больш дзіцяці, трэба ўвесь свет паднімаць. Так павінны жыць людзі”. [8, с. 9].

Такім чынам, вобраз жанчыны ў творчасці І. Шамякіна ёмісты і разнастайны. Ён стварае пэўны ідэал жанчыны. Але ж агульным застаецца тое, што на гэты вобраз ускладзена вялікая і святая місія на зямлі, бо і сусвет ачарсцвее «без ласкі вялікай жаночай»[8, с. 5]. Каб гэтага не здарылася, трэба зрабіць жанчыну шчаслівай. “ А шчасце для жанчыны — гэта быць заўсёды пачутай і патрэбнай блізкім людзям.” [8, с. 6].

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Калі вызначыць характар творчасці І. Шамякіна па нейкай адной асаблівасці, то гэтай асаблівасцю, несумненна, будзе праблемнасць. Прычым праблемнасць яго раманаў, аповесцей і апавяданняў вострая, надзённая і глыбокая. Гэта не павярхоўнае філасофстваванне, не кан’юнктурнае паспешлівае імкненне ўлавіць чарговы распаўсюджаны паварот грамадскай думкі. За кожнай праблемнай жыццёвай канцэпцыяй пісьменніка адчуваецца напружаны мастацкі роздум і пошукавая засяроджаннасць пачуцця. Здавён вядома, што не толькі грамадская важкасць, але і мастацкі ўзровень творчасці вызначаюцца перш за усё культурай і глыбінёй праблемнага мыслення пісьменніка.

Жыццёвы шлях героя І. Шамякіна – гэта заўсёды адбітак пэўных тэндэнцый у настроях і імкненнях. Ён, гэты шлях, у асноўных момантах абагульняльны. І разам з тым герой – жывы чалавек, якога, бывае спасцігаюць няўдачы, які, здараецца, ідзе на невялікія кампрамісы і адступае, але ніколі не страчвае ідэалу жыцця сумленнага і шчырага, вартага сапраўднага чалавека.

Герой І. Шамякіна ўнутрана, псіхалагічна, эмацыянальна вельмі цесна звязаны са сваім часам. Яго душа – гэта люстэрка сучасных грамадскіх трывог, прадчуванняў і намераў. Але ўзровень яго душэўнага стану разам з тым і апярэджвае жыццё, можа служыць для сучасніка прыкладам, узорам, можа павесці за сабой. Для творчасці І. Шамякіна характэрна, аднак, тое, што герой, ідучы наперадзе, не нашмат абганяе звычайнага радавога чалавека, ніколі не адрываецца ад яго ў такой ступені, каб ператварыцца ў ідэал. Гэтай набліжанасцю да інтарэсаў шырокіх мас, сваёй праўдзівасцю, жыццёвасцю герой твораў І. Шамякіна зразумелы і сімпатычны людзям.

Глыбіня мастацкага адкрыцця – гэта сама сутнасць літаратурнай творчасці, яе пастаянная, непераходная якасць, гэта адвечная ўнутраная мэта мастацтва. Заслуга І. Шамякіна ў тым, што ён узбагаціў мастацка- выяўленчыя магчамасці беларускай прозы, накіраваўшы асноўную сілу свайго таленту на даследаванне сучаснасці. Сучаснасць у творах І.Шамякіна – гэта поле напружанага супрацьдзеяння спрадвечных катэгорый чалавечага быцця: духоўнасці і бездухоўнасці, шчырасці і двудушнасці, сумленнасці і маральнай нявытрыманасці, смеласці і баязлівасці.

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1 Каваленка, В. Жыццё і творчасць [Тэкст] / В. Каваленка. – Мн. : Нар. Асвета, 1986. – 294 с.

2 Пришвин, М. Желанная книга [Тэкст] / М. Пришвин. – Масква: , 1987. – 387 с.

3 Лынькоў, М. У няспынным поступе [Тэкст] / М. Лынькоў // ЛІМ. -1971. - № 2. – с.24.

4 Майхровіч, С. Іван Шамякін [Тэкст] : нарыс жыцця і творчасці / С. Майхровіч. – Мн. : Маст. літ., 1978. – 213 с.

5 Чернец, Л. Введение в литературоведение. Литературное произведение [Тэкст] : основные понятия и термины / Л. Чернец. – М: , 2000. – 219 с.

6 Яцухна, В. Тэорыя літаратуры [Тэкст] : вучэбны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў ВНУ / В. Яцухна. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2006. – 278 с.

7 Мікуліч, М. На зломе часу [Тэкст] / М. Мікуліч. – Мн. : , Навука і тэхн., 1995. – 243 с.

8 Бельскі, А. Чалавек – Час – Мараль у прозе І. Шамякіна пра сучаснасць [Тэкст] / А. Бельскі // Бел. Мова і літ. – 2005. - №3. – 135 с.

9 Шамякін, І. Падзенне [Тэкст] / І. Шамякін. // Полымя .– 1994. - №4. – с. 97.

10 Шамякін, І. Адна на падмостках [Тэкст] / І. Шамякін. – Мн. : Маст. літ., 1993. – 213 с.

11 Шамякін, І. Сатанінскі тур [Тэкст] / І. Шамякін. – Мн. : Маст. літ., 1995. – 206 с.

12 Шамякін, І. Пошукі прытулку [Тэкст] / І. Шамякін. – Мн. : Маст. літ., 1999. – 308 с.

13 Шамякін, І. Крывінка [Тэкст] / І. Шамякін. – Мн. : Маст. літ., 1996. – 588 с.

14 Бельскі, А. Сучасная беларуская літаратура : Стаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцяў (80-90 гг) [Тэкст] : дапаможнік для настаўнікаў / А. Бельскі. – Мн., 1997. - 353 с.

15 Шамякін, І. Зона павышанай радыяцыі [Тэкст] / І. Шамякін. – Мн. : Маст. літ., 1997. – 344 с.

16 Гісторыя беларускай літаратуры 20 ст. у чатырох тамах [Тэкст] / Мн. : Бел. навука, 2002. - т. 3., 950 с.

17 Бельскі, А. Краса і смутак [Тэкст] : дапаможнік для настаўнікаў / А. Бельскі. – Мн. : Маст. літ., 2000. – 237 с.

18 Шамякін, І. У засені палаца [Тэкст] / І. Шамякін. – Мн. : Маст. літ., 2000. – 247 с.

19 Шамякін, І. Абмен [Тэкст] / І. Шамякін. – Мн. : Юнацтва, 2001. – 293 с.

20 Яцухна, В. Творчасць Івана Шамякіна ў кантэксце сучаснасці [Тэкст] / В. Яцухна. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2001. - 94 с.

21 Шамякін, І. Слаўся, Марыя [Тэкст] / І. Шамякін. – Мн. : Юнацтва, 1998. – 178 с.

22 Лазарук, М., Ленсу, А. Уводзіны ў літаратуразнаўства [Тэкст] / М. Лазарук, А. Ленсу. – Мн. : Вышэйшая школа, 1970. – 278 с.

23 Мачульскі, У., Праўдзін, В., Шніп, В. Іван Шамякін. Летапісец эпохі [Тэкст] / У. Мачульскі, В. Праўдзін, В. Шніп. – Мн. : Маст. літ., 2010. – 378 с.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]