Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
272937_FDDEC_lekcii_vyalikaya_aychynnaya_vayna.....docx
Скачиваний:
13
Добавлен:
16.07.2019
Размер:
248.06 Кб
Скачать

9. Падзеі на франтах вайны. Крушэнне наступальнай стратэгіі германскага вермахта

Пашырэнне маштабаў Другой сусветнай вайны. Перамогі саюзных войск у Афрыцы, Міжземнамор’і і на Ціхім акіяне.

Ваенныя дзеянні на савецка-германскім фронце.

Сталінградская і Курская бітвы. Карэнны пералом у вайне.

Умацаванне антыгітлераўскай кааліцыі. Праблема другога фронту.

Пашырэнне маштабаў Другой сусветнай вайны. Перамогі саюзных войск у Афрыцы, Міжземнамор’і і на Ціхім акіяне

Паражэнне нямецка-фашысцкай арміі пад Масквой мела важныя палітычныя і стратэгічныя вынікі. Досыць хутка арганізацыйна аформілася антыгітлераўская кааліцыя, якая атрымала назву «Аб’яднаныя нацыі». Гэтыя дзяржавы абавязаліся супрацоўнічаць у вайне да поўнай перамогі. Такім чынам, тэатр ваенных дзеянняў пашыраліся на новыя часткі планеты.

Актыўныя баявыя дзеянні ў пачатку 1942 г. разгарнуліся на Ціхім акіяне. Японія акупіравала Малазію, Інданэзію, Філіпіны, Бірму, нанесла буйнае паражэнне англійскаму флоту ў Сіамскім заліве і англа-амерыканскаму флоту ў Яванскай аперацыі, захапіўшы панаванне на моры. Аднак ужо ў маі-чэрвені амерыканцы нанеслі паражэнне японскаму флоту ў Каралавым моры і каля вострава Мідуэй. Пры гэтым яны скарысталіся японскай тактыкай выкарыстання моцных авіянясучых груповак. Менавіта з гэтага часу галоўнай сілай на моры з’яўляецца авіяносец.

У Міжземным моры італа-германскаму флоту ўдалося ўстанавіць кантроль на шляхах, якія вялі ў Афрыку. У студзені-лютым 1942 г. італа-германскія войскі разграмілі брытанскія часці ў Лівіі і занялі Бенгазі. У Атлантычным акеане вельмі актыўна дзейнічалі германскія «ваўкі» – падводныя лодкі, якія тапілі англійскія і амерыканскія транспартныя судны, пагражалі зрывам марскіх камунікацый саюзнікаў. Германскі надводны флот і авіяцыя перабазіраваліся ў Нарвегію, перашкаджаючы руху паўночных канвояў у Савецкі Саюз, якія дастаўлялі грузы па праграме ленд-лізу ў СССР.

Аднак з вясны 1942 г. суадносіны сіл пачалі змяняцца на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. У Афрыцы італа-германскія войскі, у складзе 8 італьянскіх і 4 нямецкіх дывізій (з іх 4 танкавыя і 2 матарызаваныя), так і не здолеўшы захапіць сталіцу Егіпта Каір, перайшлі ў раёне Эль-Аламейна да абароны. А восенню 1942 г. англа-амерыканскіх войскі перайшлі ў наступленне. У канцы кастрычніка – пачатку лістапада 1942 г. 8-я брытанская армія, у склад якой уваходзілі англійскія, аўстралійскія, індыйскія, навазеландскія, паўднёва-афрыканскія, грэчаскія, французскія, польскія дывізіі і брыгады, у ходзе двухтыднёвых наступальных баёў зламала супраціўленне італа-нямецкіх войск пад Эль-Аламейнам, нанесла ім вялікія страты і выгнала з Егіпта. Гэтая перамога стала значнай падзеяй для заходніх саюзнікаў. Яна змяніла абставіны ў Паўночнай Афрыцы і на Міжземным моры на іх карысць. У час бітвы пад Эль-Аламейнам італьянцы і немцы страцілі 55 тыс. забітымі, параненымі і палоннымі, 320 танкаў і каля 1 тыс. гармат. Але гэта – не паваротны пункт у вайне, ці на словах У.Чэрчыля «паварот лёсу ў вайне».

8 лістапада 1942 г. амерыканска-англійскія войскі высадзіліся ў Паўночнай Афрыцы ў Марока. 13 мая 1943 г. італа-германскія войскі ў Тунісе капітуліравалі. Іх агульныя страты склалі больш за 300 тыс. салдат і афіцэраў, з іх 30 тыс. забітымі. Ваенныя дзеянні ў Паўночнай Афрыцы закончыліся.

У ліпені-жніўні 1943 г., калі ішла буйнейшая бітва на Курскай дузе, англа-амерыканскія войскі высадзіліся на востраве Сіцылія і авалодалі ім. 25 ліпеня 1943 г. фашысцкі рэжым у Італіі паў. З верасня яна заключыла перамір’е з саюзнікамі, а 13 кастрычніка 1943 г. Італія аб’явіла вайну Германіі.

Ваенныя дзеянні на савецка-германскім фронце

У красавіку 1942 г. націск Чырвонай Арміі на германскія войскі паслабеў. Наглядаўся недахоп рэзерваў, тэхнікі, граматнага кіраўніцтва. Тым не менш, на лета 1942 г. Стаўка запланавала як абарончыя аперацыі, так і буйныя наступальныя. Армія выкарыстала час для папаўнення асабовага складу, тэхнікі, вывучэння вопыту вайны. Але і вермахт значна ўзмацніў сваю ўдарную сілу. Германія пераадолела крызіс, выкліканы крахам плана «Барбароса». Гітлераўскае кіраўніцтва планавала на лета 1942 г. разграміць Чырвоную Армію яшчэ да адкрыцця саюзнікамі другога фронту ў Еўропе.

8 мая 1942 г. пачалося наступленне германскіх войскаў у Крыму. Выкарыстаўшы тактыку клінавога прарыву фронту, якая ўжо добра сябе паказала ў 1941 г., немцы разграмілі войскі Крымскага фронту і 15 мая захапілі Керч, а 4 ліпеня пасля жорсткай асады быў захоплены Севастопаль.

Адначасова з баямі ў Крыме разгарнуліся актыўныя дзеянні каля Харкава. Тут да наступлення рыхтаваліся абодва бакі. 12 мая з раёну «барвенкоўскага выступу» пачалося наступленне войск Паўднёва-Заходняга фронту, якое было перарвана контрударам групоўкі Клейста 17 мая. У выніку яго да 23 мая 6-я нямецкая армія і групоўка Клейста акружыла савецкія арміі ў кальцо. Страты склалі 267 тыс чалавек, у тым ліку 200 тыс палоннымі, 652 танка, 4,7 тыс. гармат і мінамётаў і г.д. У выніку фронт быў значна паслаблены і да ліпеня 1942 г. пад час буйнамаштабнага наступлення вермахт захапіў Данбас і выйшаў у непасрэдна да Сталінграда і Паўночнага Каўказу.

У гэтых умовах патрабавалася прымаць надзвычайныя меры па ўмацаванню ваеннай дысцыпліны ў арміі. 28 чэрвеня 1942 г. прымаецца загад №227, больш вядомы як «Ні кроку назад!», ствараюцца штрафныя роты і батальёны, куды накіроўваюць дэзерціраў і «няўстойлівых». Масава ствараюцца загараджальныя атрады, якія ставяцца ў тыле савецкіх дывізій і мэта якіх – расстрэльваць бягучых з поля бою. Распачынаецца другая хваля эвакуацыі прадпрыемстваў з рэгіёнаў, якім пагражае акупацыя.

Летам 1942 г. Гітлер паставіў дзве мэты – захапіць Каўказ і Сталінград. З захопам Каўказа вораг спадзяваўся паралізаваць базы Чарнаморскага флоту, захапіць савецкія нафтапромыслы і перарваць важны маршрут паставак ленд-лізаўскіх тавараў у СССР. Бітва за Каўказ, пад назвай «Эдельвейс», працягвалася з 25 ліпеня 1942 г. па 9 кастрычніка 1943 г. Немцы здолелі падыйсці толькі да Маздока (25 жніўня) і Наварасійска (10 верасня 1942 г.). Захапіць Грозны і Туапсе сілаў ім не хапіла. А ў 1943 г. іх каўказская групоўка была разбітая і паланёная. Бітва за Каўказ праходзіла ў цеснай сувязі з Сталінградскай бітвай, якая аказала непасрэдны ўплыў на абставіны ў раёне Каўказа.

Сталінградская і Курская бітвы. Карэнны пералом у вайне

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]