Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Нацыянальныя сімвалы Беларусі.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
03.11.2018
Размер:
483.84 Кб
Скачать

1.2 Сімвал вялікага княства літоўскага

У XII—XIV стст. адбываецца канчатковае афармленне геральдычнай навукі з пэўнымі канонамі і патрабаваннямі да герба, якія ператварылі яго ў больш строгую і фармалізаваную з'яву, чым просты рысунак на пячатцы. Гербавая выява павінна была змяшчацца на шчыце пэўнай формы, з выкарыстаннем стандартнага набору колераў, мець пэўную арыенціроўку (у прыватнасці, выявы жывых істот, як правіла, змяшчаліся павернутымі ў правы бок з пункту гледжання таго, хто трымае шчыт, гэта значыць — улева ад таго, хто глядзіць). Большасць жа ўпамянутых вышэй пячатак нельга лічыць гербавымі ў строгім сэнсе. 3 канца XIII ст. польскія пячаткі пачынаюць афармляцца паводле правілаў заходнееўрапейскай геральдыкі (выява змяшчаецца на гербавым шчыце альбо коннік трымае шчыт з гербавай выявай). На пячатках рускіх князёў гэты заходні ўплыў зусім не адчуваецца. У адносінах да сімволікі ВКЛ рашучы зварот у бок геральдычных канонаў адбыўся ў сярэдзіне 80-х гг. XIV ст. і быў цесна звязаны з ажыццяўленнем дынастычнай уніі паміж ВКЛ і Польшчай. Збіраючыся аб'яднаць пад сваёй уладай дзве дзяржавы, Ягайла павінен быў адчуць неабходнасць у сімвале, які б адлюстроўваў новы стан рэчаў. У Польшчы на той час мелася ўжо амаль стогадовая традыцыя выкарыстання геральдычных выяў, склаўся не толькі агульнадзяржаўны сімвал (белы арол на чырвоным шчыце), але і гербы асобных ваяводстваў. За асобай нявесты Ягайлы, польскай каралеўны Ядвігі, стаяла яшчэ больш магутная геральдычная традыцыя, бо Ядвіга належала да Анжуйскай дынастыі, якая паходзіла з Францыі — радзімы геральдыкі. На гэтым фоне адсутнасць агульнапрызнанага дзяржаўнага сімвала ВКЛ вельмі кідалася ў вочы. На той момант прадстаўнікі пануючай дынастыі Гедымінавічаў выкарыстоўвалі самыя розныя эмблемы. Сам Ягайла, меў на пячатцы конніка, звернутага ў левы (геральдычна) бок і з мячом у адведзенай руцэ. Яго малодшы брат Лугвень-Сямён выкарыстоўваў выяву накшталт літары "Ф" без ножкі, другі брат — Скіргайла — накшталт літары X, трэці, Дзмітрый-Карыбут — накшталт ляжачай на баку васьмёркі з крыжам уверсе, адзінакроўны брат Уладзімір Кіеўскі — складаную выяву з крыжам у цэнтры (так званую "каплічку"). Стрыечны брат Ягайлы Вітаўт карыстаўся амаль без змен пячаткай свайго бацькі Кейстута (пешы воін з мячом і шчытом), Але з моманту Крэўскай уніі 1385 г. амаль усе яны, а таксама іншыя Гедымінавічы змяшчаюць на пячатцы (ці, прынамсі, на адной са сваіх пячатак) конную выяву — часам такую, як на пячатцы Ягайлы, часам — у іншых варыянтах. Якраз з гэтага моманту можна казаць пра тое, што выява конніка стала агульным сімвалам пануючай дынастыі і адначасова падуладнай ёй дзяржавы (што ў тагачасных уяўленнях было практычна тое самае).

Малюнак 1.3 Пячатка Вітаўта

Аднак выява на пячатцы Ягайлы не зусім адпавядала геральдычным канонам. У 1386 г., амаль адразу пасля уніі, з'яўляецца дзяржаўная пячатка Ягайлы, які ўжо быў каралём Польшчы. Яна цалкам вытрымана ў геральдычным стылі: анёл трымае гербавы шчыт, падзелены на чатыры часткі, у першай, самай ганаровай — выява польскага арла, у трэцяй і чацвёртай — гербы найбольш значных польскіх ваяводстваў. А вось у другой па значнасці частцы мы ўпершыню бачым узброенага конніка, звернутага ў правы бок, але не з мячом, а з дзідай наперавес. Затое у левай руцэ ён трымае шчыт з шасціканцовым крыжом.

Малюнак 1.4 Фрагмент пячаткі Вялікага князя Літоўскага, караля Польскага Ягайлы

Хутка затым, у 1388 г., ствараецца вялікая тронная пячатка Ягайлы. На ёй адлюстраваны сам кароль на троне, з дзяржавай і скіпетрам, а наўкол яго — гербы польскіх ваяводстваў. На самым ганаровым месцы, справа ўверсе — польскі арол. А вось на другім па значнасці месцы, злева ўверсе, мы зноў сустракаем выяву конніка, але ўжо з мячом, прычым ён упершыню трымае меч не вастрыём угару, а над галавой, занесеным для ўдару. У левай руцэ яго мы бачым шчыт з шасціканцовым крыжом, а пад капытамі каня — крылатага цмока. Відавочна, што перад намі — спробы стварэння дзяржаўнага сімвала ВКЛ як адной з частак уладанняў Ягайлы. Працэс яшчэ не скончаны, і таму выява конніка, ў адрозненне ад іншых гербаў, ад пячаткі да пячаткі перажывае змены. I толькі на малой пячатцы, вырабленай у 1405 г., у другім і трэцім палях шчыта з чатырох частак мы бачым "Пагоню" ў тым выглядзе, які пазней стаў класічным: з занесеным мячом, але ўжо без цмока пад капытамі. У такім жа выглядзе яна трапляе на другі варыянт сярэдняй дзяржаўнай пячаткі (1416 г.), прычым над чатырохчасткавым шчытом замест анёла змешчаны маленькі шчыт з шасціканцовым крыжом. Такім чынам, гэтаму крыжу надаецца статус асабістага герба Ягайлы. На адной з манет, якая чаканілася ў Польшчы пры Ягайлу, на адным баку адбіты арол, на адваротным — шчыт з шасціканцовым крыжом. Пра паходжанне гэтага крыжа (так званага "патрыяршага") выказваліся вельмі супярэчлівыя думкі. З Візантыі ў IX ст. шасціканцовы крыж быў запазычаны каралём франкаў Лотарам і пазней выкарыстоўваўся ў Францыі пад назвай "латарынгскага крыжа". У XI ст. таксама з Візантыі ён трапляе на Русь і ў Венгрыю. На Русі яго шырока выкарыстоўвалі на пячатках (у тым ліку некаторых княжацкіх — успомнім выяву св. Фёдара Цірона на пячатцы князя Мсціслава), у іншых узорах іканаграфіі. Шырока вядомы выявы гэтага крыжа на Барысавых камянях, а таксама крыж Ефрасінні Полацкай, які паўтарае яго форму. Практычна ўсе выпадкі выкарыстання крыжа звязаны з рэлігійнай тэматыкай.

Магчыма, крыж першапачаткова меў той жа сэнс, што і цмок пад капытамі — сімвалізаваў перамогу над язычніцтвам у Літве. Гэта пацвярджаецца тым, што да свайго хрышчэння ў 1385 г. Ягайла ніколі не выкарыстоўваў гэты знак, а пазней ператварыў яго ў свой асабісты герб. Ягайла захоўваў сузэрэнітэт над ВКЛ да сваёй смерці ў 1434 г., але фактычную велікакняжацкую ўладу ў Літве ў 1392 г. вымушаны быў перадаць Вітаўту. Апошні ў гэты час карыстаўся некалькімі варыянтамі пячатак, прычым практычна на ўсіх прысутнічала выява конніка. Але ёсць сярод іх варыянт, які выкарыстоўваўся з 1397 па 1419 гг. На ім можна ўбачыць амаль усе прыкметы класічнай "Пагоні".

Вітаўта на пасадзе вялікага князя змяніў брат Ягайлы Свідрыгайла. Да часу яго кароткага панавання (1430—1432) частка даследчыкаў адносіць выпуск літоўскай манеты, на якой з аднаго боку адбіты коннік з мячом, з другога — патрыяршы крыж на шчыце, як на польскай манеце Ягайлы. 3 1434 па 1440 гг. вялікім князем быў брат Вітаўта Жыгімонт. Прыкладна ў гэты час літоўскія геральдычныя матэрыялы трапілі да заходнееўрапейскіх геральдыстаў і былі ўключаны ў шведскі гербоўнік "Бергсхамерскі кодэкс". У ім можна ўбачыць сярэбранага конніка на чырвоным полі з узнятым над галавой мячом. Ад класічнай "Пагоні" яго адрознівае шчыт на руцэ конніка — чырвоны з залатой выявай "Калюмнаў". Побач асобна эмешчаны і шчыт, які ўжываў Ягайла — блакітны з залатым шасціканцовым крыжом. На іншым аркушы гярбоўніка намаляваны коннік з мячом, на шчыце якога — контур двухпрыступкавай піраміды, вельмі падобны на "Калюмны". Аналагічныя гербы змешчаны і ў брусельскім гербоўніку "Гімніх" (таксама XV ст.). Каралём Польшчы пасля Ягайлы стаў яго старэйшы сын Уладзіслаў. Ён карыстаўся прыкладна такімі ж пячаткамі, як і яго бацька, і на большасці з іх на адпаведным месцы мы бачым класічную "Пагоню" з шасціканцовым крыжом. На вялікай троннай пячатцы 1438 г. з'яўляецца мадыфікацыя: вершнік ператвараецца ў крылатага анёла (пры гатым шчыт з крыжом на яго руцэ захоўваецца), а пад капытамі каня зноў паказаны цмок. Уладзіслаў унаследаваў і карону Венгрыі, у сувязі з чым у 1440 г. ствараецца "зборная" пячатка з чатырохчасткавым шчытом, дзе ў першым полі — герб Анжу, у другім — польскі арол, у трэцім — звычайная "Пагоня" (без крылаў і цмока), у чацвёртым — венгерскі шасціканцовы крыж Арпадаў. У тым жа годзе малодшы брат Уладзіслава Казімір стаў вялікім князем літоўскім, а ў 1444-м - і каралём Польшчы. На ўсіх яго пячатках - аднолькавая, класічная выява "Пагоні". "Калюмны" на шчыт конніка больш ніколі не вяртаюцца, а пры Казіміры, здаецца, увогуле не ўжываюцца ў афіцыйнай сімволіцы.

Сёння, звяртаючыся да гістарычных фактаў, мы можам убачыць, што герб "Пагоня" ў сваім класічным выглядзе ўзнік на мяжы XIV—XV стагоддзяў, што было адной а праяў інтэграцыі ВКЛ у арбіту заходнееўрапейскай цывілізацыі. На мове геральдыкі яго своеасаблівасць вызначаецца чырвоным колерам гербавага шчыта, сярэбранай выявай конніка ў характэрнай позе (звернутага ўправа, з узнятым над галавой мячом), малым шчытом з шасціканцовым крыжом на яго руцэ. З сярэдзіны XV ст. гэты комплекс прыкмет амаль няўхільна вытрымліваўся на ўсіх выявах, якія ў іншых дэталях (форма асноўнага шчыта, мяча і шлема, наяўнасць гунькі пад сядлом і плюмажа на шлеме, колер малога шчыта) маглі стылістычна адрознівацца паміж сабой. На мове знакаў ён нагадвае аб тым, што на працягу некалькіх стагоддзяў гісторыя Беларусі разгортвалася ў рэчышчы, зарыентаваным пераважна на захад і асобным ад гісторьіі Расіі. Гэта значэнне сімвала выдатна ўсведамляецца ўсімі — калі не на свядомым, то на падсвядомым узроўні. Менавіта яно вызначае сёння эмацыянальнае ўспрыняцце "Пагоні" — станоўчае ці негатыўнае — у залежнасці ад таго, як чалавек ацэньваве сам гаты факт існавання ў мінулым двух асобных гістарычных рэчышчаў.