Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Materyyaly_da_zanyatku_1.doc
Скачиваний:
10
Добавлен:
18.02.2016
Размер:
111.62 Кб
Скачать

Контррэфармацыя ў Беларусі

Хуткае распаўсюджанне Рэфармацыі і павелічэнне яе прыхільнікаў сур’ёзна занепакоіла прадстаўнікоў каталіцкай царквы. Па ініцыятыве папы рымскага ў Еўропе пачалася контррэфармацыя – рэлігійна-палітычны рух, які меў на мэце рэстаўрацыю пазіцый, страчаных каталіцызмам падчас Рэфармацыі. Рым адхіліў магчымасць кампрамісу з пратэстантамі, пацвердзіў безумоўны аўтарытэт папы ў справе веры, замацаваў набажэнства выключна на лацінскай мове, увёў жорсткую царкоўную цэнзуру, а ў 1542 г. у Рыме была ўтворана інквізіцыя.

Моцны ўдар па пратэстантызму ў ВКЛ нанесла дзейнасць ордэна езуітаў, якая мела адкрыта пракаталіцкі характар. Талерантнасць ВКЛ стварала шырокія магчымасці для яго паспяховай дзейнасці. У сваёй барацьбе з рэфармацыйнымі ідэямі езуіты адводзілі вялікую ўвагу адукацыі, развіццю культуры, выхаванню моладзі. Разам з тым яны выкарыстоўвалі прымусовыя і гвалтоўныя меры: зачынялі пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, знішчалі кнігі апанентаў, учынялі пагромы. З цягам часу Контррэфармацыя перамагла, талерантнасць у ВКЛ была скасавана і заменена дзяржаўным каталіцызмам.

На хвалі Контррэфармацыі была заключана Берасцейская царкоўная унія (1596) і ўзнікла уніяцкая (грэка-каталіцкая) царква. Па сутнасці, унія стала працягам незалежніцкай палітыкі, якую спрабавала праводзіць эліта ВКЛ пры дапамозе пратэстантызму ў часы Рэфармацыі. Ідэя аб’яднання каталіцкай і праваслаўнай хрысціянскіх канфесій узнікла адразу пасля афіцыйнага царкоўнага расколу 1054 г., але стала рэальнай для ВКЛ толькі ў канцы ХVІ ст. Прыхільнікі уніі былі не толькі ў лоне праваслаўнай, але і каталіцкай царквы. Кіраўніцтва праваслаўнай царквы праз унію спадзявалася вярнуць сабе некалі вядучае становішча ў ВКЛ (адным з арганізатараў уніі стаў епіскап Іпацій Пацей). Каталіцкія кіраўнікі праз аб’яднанне царквоў марылі дабіцца перамогі над праваслаўем і пашырыць свой уплыў ва Усходняй Еўропе.

Падрыхтоўка уніі доўжылася з 1590 па 1596 г., і акт аб’яднання ўрачыста быў абвешчаны на Берасцейскім царкоўным саборы 1596 г. У адпаведнасці з ім на тэрыторыі ВКЛ утваралася новая царква, якая ўзначальвалася кіеўскімі мітрапалітамі і мела наступныя адметныя рысы:

  • прызнавала вяршэнства папы рымскага;

  • захоўвала праваслаўную абраднасць, царкоўнаславянскую мову набажэнства (літургіі) і юліянскі каляндар;

  • прызнавала каталіцкую дагматыку;

  • праводзіла пропаведзі на мясцовай (старабеларускай) мове.

У першую чаргу уніяцкая царква была разлічана на шляхту, якая пасля ўтварэння Рэчы Паспалітай, спадзеючыся хутка атрымаць зямлю і дзяржаўныя пасады, пераходзіла ў каталіцтва. Але ўтрымаць шляхту пры сваім абрадзе і мове уніяцкая царква не змагла. Таму унія стала верай непрывілеяванага праваслаўнага насельніцтва – сялян і мяшчан.

Стаўка пры распаўсюджванні новай рэлігіі была зроблена на добраахвотнае далучэнне да яе, аднак пазбегнуць прымусу не ўдалося, што выклікала супраціўленне праваслаўных вернікаў. У канцы ХVІІІ ст. каля 75 % насельніцтва Беларусі былі уніятамі. З цягам часу уніяцкая царква стала адным з фактараў існавання беларускага этнасу – менавіта яна захоўвала старабеларускую мову і народныя традыцыі.

Берасцейская царкоўная унія была ліквідавана Полацкім царкоўным саборам у 1839 г.

5. Культура Беларусі ў другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст. Беларуская культура ў другой палове ХVІІ – ХVІІІ ст. развівалася ў вельмі неспрыяльных умовах. Як адзначалася вышэй, пасля войнаў другой паловы ХVІІ ст. змянілася канфесійная сітуацыя на землях Беларусі — ад талерантнасці да рэлігійнай нецярпімасці, што не магло не паўплываць на агульны стан культуры. Больш за тое, пасля пераводу ў 1696 г. усяго справаводства на польскую мову распачалася адкрытая паланізацыя і акаталічванне, у першую чаргу шляхты. Манаполію на адукацыю захапіў касцёл, што вылілася ў клерыкалізацыю культуры. Былі забытыя дасягненні «залатога веку» (Рэнесанса), паўсюдна ў Рэчы Паспалітай панаваў рэлігійны фанатызм.

Галоўным мастацкім стылем у той час было барока, якое асабліва выявілася ў архітэктуры (дынамічнасць кампазіцыі, кантрастнасць маштабаў, ілюзія бязмежнай прасторы і г. д.). У адпаведнасці з гэтым стылем у гарадах і вёсках будаваліся касцёлы, манастыры і магнацкія сядзібы.

На рубяжы ХVІІ – ХVІІІ ст. развівалася тэатральнае жыццё ў ВКЛ. Найбольш былі распаўсюджаны тэатры пры езуіцкіх навучальных установах, існаваў народны лялечны тэатр — батлейка. У якасці мецэнатаў культуры выступалі ў першую чаргу магнаты, якія мелі ва ўласных маёнтках прыгонныя тэатры. Яны нават пасылалі найбольш таленавітых прыгонных акцёраў вучыцца за мяжу. Адным з першых у ХVІІІ ст. Францішкай Уршулай Радзівіл быў заснаваны прыгонны тэатр у Нясвіжы. Вядомы быў таксама слонімскі тэатр Міхала Агінскага.

Нягледзячы на цяжкасці ў развіцці культуры, Беларусь мела ў тыя часы знакамітых асобаў, якімі па праву ганарыцца і сёння. Сярод іх грамадскія і царкоўныя дзеячы, аўтары падручнікаў Мялецій Сматрыцкі (1572 – 1633) і Сімяон Полацкі (1629 – 1680); Казімір Лышчынскі (1634 – 1689), які за свой трактат «Аб неіснаванні бога» быў спалены на вогнішчы інквізіцыі; Казімір Семяновіч (каля 1600 – пасля 1651), які выдаў кнігу «Вялікае мастацтва артылерыі», а таксама ўпершыню ў свеце стварыў праект шматступенчатай ракеты; Ілля Капіевіч (1651 – 1714), які выдаў больш за 20 падручнікаў па граматыцы і рыторыцы.

Другая палова ХVІІІ ст. стала якасна новым этапам у эканамічным і палітычным развіцці ВКЛ і ўсёй Рэчы Паспалітай. У гэты час у краіне пачалі распаўсюджвацца ідэі Асветніцтва  антыфеадальнай, буржуазнай ідэалогіі перыяду станаўлення капіталізму, якая прапаведавала прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Прыхільнікі Асветніцтва імкнуліся пераадолець недахопы існуючага грамадскага ладу, рэфармаваць яго сацыяльную і дзяржаўную структуры, палітыку, паводзіны людзей шляхам распаўсюджання навукі, ведаў, прапаганды ідэй справядлівасці і гуманізму. Ідэолагам Асветніцтва стаў французскі філосаф Вальтэр, які выступаў за адмену саслоўных прывілеяў і надаваў вялікую ролю ў змене грамадства «адукаваным манархам».

Распаўсюджанне ідэй Асветніцтва на тэрыторыі Рэчы Паспалітай супала з перыядам стабілізацыі гаспадарчага жыцця. У пэўнай ступені неабходнасць зменаў была ўсвядомлена часткай патрыятычнай эліты Рэчы Паспалітай. Адбылася своеасаблівая «мадэрнізацыя ў розумах», для якой важнае значэнне меў асветніцкі спосаб разумення прагрэсу, у першую чаргу, як аддзялення (ці супрацьпастаўлення) сучаснасці і мінулага. Верагодна, упершыню традыцыя, якая была да гэтага часу бясспрэчным аўтарытэтам («старыны не рушыць»), з другой паловы ХVІІІ ст. стала падвяргацца крытыцы, і з уласцівым для тых часоў аптымізмам пачала даказвацца перспектыўнасць увядзення палітычных і эканамічных навацый для паляпшэння становішча грамадства і дзяржавы. У гэты час выходзіла шмат кніг, у якіх прапагандаваўся еўрапейскі вопыт гаспадарання ў вёсцы і ў горадзе. Аўтары эканамічнай літаратуры заклікалі шляхту не баяцца новаўвядзенняў, выкарыстоўваць замежныя напрацоўкі, але не забываць свае традыцыі (здабыткі) і спалучаць іх з рэаліямі грамадскага і гаспадарчага развіцця.

На землях Рэчы Паспалітай пашырылася свецкая адукацыя. Пад кіраўніцтвам С. Канарскага была праведзена школьная рэформа. У 1773 г. для кіраўніцтва народнай асветай у Рэчы Паспалітай была створана спецыяльная ўстанова ― Адукацыйная камісія, якая зрабіла спробу вызваліць адукацыю ад прамога ўплыву каталіцкай царквы. За 20 гадоў яе дзейнасці на тэрыторыі Беларусі было заснавана 20 школ сярэдняй ступені навучання ў такіх гарадах, як Гародня, Пінск, Мазыр, Бабруйск і інш.

 

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]