Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
RADZIVILIYaDA.doc
Скачиваний:
19
Добавлен:
25.03.2015
Размер:
264.7 Кб
Скачать

490 Цешыцца буду жыццём, ці загінуць прызначыць Узвышні,

Воля якога заўжды ўсімі справамі ў свеце кіруе.

Хоць бы гадзіны жыцця для мяне працягнуліся троху!

Хай не так хутка душу смерць аддзеліць сурова ад цела!

Першы пачну за табой уздымацца да самага неба,

Толькі б ставала жыцця для цябе, княжа Аўгуст! Я буду

Подзвігам верным сваім пашыраць твае гонар і славу,

Толькі б нябёсы маім паспрыялі задумам высокім!

Што Сцыпіён! (Ён імя з перамогі над Афрыкай мае)

Што Ганібал-афрыканец! Хай той — улюбёнец Фартуны,

500 Гэты — суровага Марса… Мяне ім ніяк не адолець!

Княжа! Ад войска твайго, пад камандай маёй, маскавіты

Кінуцца разам наўцёк, а іх цар аж у Белых Азёрах

Будзе хавацца. І так пад жалезным абстрэлам памчацца

Праз Танаіс ды наўпрост аж да царства Каспійскага скіфы.

Хай пачынаюць цяпер нашы ворагі бітву — дазволь ім!

Потым маскоўскай крывёй я адпомшчу бязбожнаму люду…

Вось на вачах у цябе ваяры пераможаных рацяў

Пройдуць даўжэзнай чаргой, непадобныя зброяй і мовай:

Племя казанцаў і пераяслаўцаў, пазбаўленых зброі,

510 Дужых разанцаў і мурамцаў, моцна пускаючых стрэлы;

З імі — растоўцы, свавольныя тверцы, сяверцы таксама,

Строй астраханскіх мужоў, што аж дыхаюць сілай; з ускрайкаў

Людзі — яны ад Дзвіны да халоднага мора вандруюць, —

Словам, вялікіх народаў і іх ваяводаў шарэнгі!

Здзівіцца моцна такой перамозе сястрыца-Еўропа,

Гожа адорыць цябе, мноства медных калонаў узвысіць,

Нават нязведаны край будзе славай тваёй захапляцца!

Хутка ўладарства тваё край Лібона прызнае, о Аўгуст,

Каб адламіць для сябе твайго поспеху нейкую частку».

520 Вось што тады Мікалай абяцаў каралю і прадказваў

Гонар вялікі, які неўзабаве павінен з’явіцца.

Сонца па колу свайму ідучы, пяць гадоў абярнула,

Мірнае даўшы жыццё ды бясхмарны спакой у дзяржаве:

Гэткае мора заўжды, калі сам уладальнік трызубца

Шляхам спакойным вядзе беласнежныя ветразі ў моры.

Сцішыўся сіні прастор і вятры навальнічныя змоўклі.

Спрытна вясёлы марак распускае над морам свой ветразь.

Гэтак літвіны жылі, супакой дабрадатны іх цешыў.

Эх, нетрывалае ўсё між смяротных!.. З Эўксінскага Понту

530 Раптам нападнік прыйшоў, навальніцу ўздымаючы люта.

Людзі бяспечна жылі — ён прынёс ім уміг небяспеку!

Ёсць гэткі край, дзе зямля амываецца хвалямі мора.

Полаўцы з племені готаў яго насялялі спрадвеку.

Тут шпацыруючы Марс для сябе меў найлепшы прытулак.

Скіфы адгэтуль паходзяць. Яны з гор Каўказскіх высокіх

Цэлай прыйшлі грамадой і, прайшоўшы цясніны Імая38,

Разам напалі, адтуль жыхароў папярэдніх прагнаўшы.

Бедны расліннасцю край, каласоў небагата зразае

Жнец сваім вострым сярпом, рэдкі плуг тут узворвае глебу.

540 Ніва ўрадлівым жнівом вельмі рэдка аратага цешыць.

Тут гарадоў не зашмат, жыхары ў абарону ад смерці

Мур не будуюць даўгі, здавальняюцца лёгкай здабычай,

Ставяць намёты кругом, а арда па прасторах вандруе.

Дзікі народ: іх душу не ўлагоджвае мірная праца,

Лютыя твары ва ўсіх, бессаромны і жудасны позірк.

Марс — у вачах іх, а смерць — у калчане, бо хуткія стрэлы,

З імі й падступны клінок яны пояць смяротнай атрутай.

Гэткую пошасць, багі, адвярніце, прашу, ад літвінаў!

Частка ардынцаў цяпер нападаюць на землі Манкопа,

550 Іншыя б’юць у свінец, што Авідзій пакінуў (пабачыць

Можна і сёння яшчэ мур даўжэзны свінцовы, што ў моры

Толькі знікае): аб мур выпрабоўваюць стрэлы ардынцы,

Скачучы конна дугой, у спаборніцтвах спрыт праяўляюць.

Там каняпас-азіят на павозку з быкамі складае

Дом свой, рыштункі свае, ды вандруе з усім гэтым скарбам

Полем шырокім, прытым ён вядзе мноства жонак з сабою.

Хіжы спрадвеку народ, ён ахвочы да новай здабычы;

Моладзь з дзяцінства заўжды здавальняцца малым мае звычку.

З добрага мяса каня, што спаткаў сваю смерць ці праз старасць,

560 Ці то ад пошасці злой, яны дружна прыносяць ахвяру,

Потым і самі ядуць той каніны падвяленай часткі,

Радасна цёмнае мяса з пладамі зямлі спажываюць.

Голад прагнаўшы, яны кабыліц набрынялае вымя

Тузаюць дойкай, і вось малаком напіваюцца цёплым.

Потым, калі не стае ім здабычы, а ў сэрцы мацнее

Схільнасць да Марса, яны налятаюць на землі Валыні

Цэлай ардой, як паток, што, прабіўшыся шляхам цяснінным,

Зверху абрушыўся ўвесь — ад яго наваколле трасецца,

Пушчы густыя равуць і бушуюць магутныя дрэвы.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]