Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекцыи.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
17.11.2019
Размер:
585.45 Кб
Скачать

7. Беларускае замежжа ў 20–30-я гг. Хх ст.

Да апошняга часу праблемы беларускай эміграцыі і дзейнасці нацыянальна-дэмакратычных партый унутры і за межамі Беларусі вызначаліся як адмоўныя. У адносінах да іх выкарыстоўваліся эпітэты "контррэвалюцыйныя", "буржуазныя", "пацярпеўшыя банкруцтва" і г.д. Але пры ўсіх абставінах неабходна разглядаць беларусаў, што апынуліся ў выніку палітычнай, ідэалагічнай і ваеннай барацьбы за межамі Беларусі як неад'емную састаўную частку беларускага народа. На працягу апошняга стагоддзя апынуліся на чужыне сотні тысяч нашых суродзічаў. Розныя былі шляхі, што прывялі іх на край свету. Эміграцыя з беларускіх зямель праходзіла трыма даволі вялікімі хвалямі: першая – 80-я г. ХІХ ст., другая – 20-я г. ХХ ст., трэцяя – у час Другой сусветнай вайны. Кожная з іх мела адметныя прычыны, памеры, напрамкі.

Першая, найбольшая хваля эміграцыі пачалася ў 80-я гады XIX ст. За акіян ехалі жыхары ў асноўным Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў, паколькі сяляне Віцебскай і Магілёўскай найбольш перасяляліся ў Сібір. У 1905–1913 гг. эміграцыя прымае масавы характар, а яе галоўным цэнтрам становіцца Міншчына (насельніцтва ў асноўным эмігрыруе ў Бразілію). Першымі цэнтрамі эміграцыі былі Злучаныя Штаты Амерыкі, Канада, Бразілія і Аргенціна. Першая хваля (у асноўным сяляне) была пазбаўлена нацыянальнай свядомасці, якая пашыралася на пачатку ХХ ст. Выехала з Беларусі ў гэты перыяд каля 800 тыс. чалавек, з іх каля 600 тыс. вярнуліся.

У ходзе і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. з Беларусі эмігрыравалі каля 122 тыс. чалавек (усяго з былой Расійскай імперыі – каля 2 млн. чалавек). Частка гэтай хвалі эмігрантаў рушыла на усход – у Маньчжурыю і ў Кітай, але асноўная маса накіравалася на захад – у Фінляндыю, Прыбалтыку, Германію, Чэхаславакію, Францыю, ЗША, а таксама ў Канаду, Бразілію і Аргенціну.

У другой хвалі эмігрантаў нацыянальнае пачуццё было ўжо даволі пашыранае. Найбольшая колькасць эмігрантаў знаходзілася ў ЗША (100 тыс. чалавек). У 1921 г. у Нью-Йорку пачынаецца беларуская нацыянальная дзейнасць, дзе ўзнік Беларускі нацыянальны камітэт, а ў Чыкага – Камітэт абароны Беларусі. У далейшым цэнтрам беларускага палітычнага жыцця стаў Чыкага, дзе паўстала некалькі арганізацый, з якіх найважнейшымі былі Беларуска-амерыканскі нацыяналь-ны саюз, а потым, у гады Другой сусветнай вайны, Беларуска-амерыканская нацыянальная рада. Беларуская дзейнасць у ЗША ў гэты час звязана з асобамі Я. Чаропкі, Я. Варонкі, ксяндза Я. Тарасевіча, І. Ло-бача. У Канаду вялікая колькасць эмігрантаў прыбыла ў міжваенны перыяд (10 тыс. чалавек). Эмігранты не стварылі ў той час ніякай беларускай арганізацыі, хоць у рускіх рабочых клубах імя М. Горкага складалі большасць членаў.

Пасля Рыжскага пагаднення 1921 г. узмацнілася хваля эміграцыі заходнебеларускага насельніцтва ў Аргенціну. У 30-х гг. тут быў ство-раны шэраг беларускіх арганізацый: Беларускае культурна-асветніцкае таварыства, Беларускае таварыства культуры, Беларуская бібліятэка імя І. Луцкевіча і Беларускае культурнае таварыства “Белавежа”. Гэтыя чатыры таварыствы стварылі ў 1939 г. Саюз беларускіх таварыстваў у Аргенціне, галоўнымі дзеячамі якіх былі М. Мярэчка, У. Гайлевіч, Я. Пятрушак. 3 1940 г. Саюз выдаваў штогадовы гістарычна-літаратурны альманах, штогод праводзіліся кангрэсы беларускіх таварыстваў, дзейнасць якіх ахоплівала таксама Уругвай. У 30-я г. беларуская эміграцыя актывізуецца і ў Францыі: тут дзейнічаў “Хаўрус” беларус-кіх работнікаў, праводзілася беларуская прафсаюзная і адукацыйная дзейнасць. Выдаваўся бюлетэнь “Рэха”.

Пасля падпісання Рыжскага дагавора ў эміграцыю былі вымушаны падацца і кіраўнікі дзяржаўных устаноў БНР – члены прэзідыума Рады на чале з П. Крачэўскім, урада БНР (кабінет В. Ластоўскага), а таксама шэраг саветнікаў і дзеячоў некаторых партыйных цэнтраў. Галоўнай палітычнай сілай эміграцыі з'яўлялася партыя беларускіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Дзейнасць гэтай хвалі эміграцыі была найболыш актыўнай да 1923–1924 гг.

Бальшавіцкія ўлады імкнуліся далучыць эміграцыю да ажыццяўлення сваёй ідэі сусветнай рэвалюцыі і надаць эміграцыі рэвалюцыйны характар. Намаганні ў гэтым накірунку не заставаліся безвыніковымі. Некаторыя з эмігрантаў пачалі весці бальшавіцкую агітацыю, што абвастрала адносіны з мясцовымі ўладамі. Але найбольшы ўплыў на эміграцыю рабілі тагачасныя працэсы ў БССР: пераход да новай эканамічнай палітыкі і курс на беларусізацыю. Частка ўрада БНР на чале з А. Цвікевічам у кастрычніку 1925 г. аб'явіла аб самароспуску і вярнулася ў Беларусь. Другая частка на чале з прэзідэнтам П. Крачэўскім засталася за мяжой – у Празе. Гэты раскол быў адной з прычын затухання палітычнай дзейнасці беларускай эміграцыі. Тыя, хто за-стаўся ў Празе, утварылі эмігранцкі цэнтр – Раду БНР, якую ўзначаль-ваў П. Крачэўскі, а пасля яго смерці, у 1928–1943 гг., – В. Захарка. Урад БНР пасля 1925 г. узначальваў прэзідэнт Рады.

Пасля расколу ўзніклі новыя арганізацыі, якія намагаліся аб'яд-наць беларускую эміграцыю з мэтай задавальнення яе культурных інтарэсаў. Гэта – Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны, Аб'яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый, Беларускі архіў, часопісы "Іскры Скарыны", "Прамень" (потым "Новы прамень") і інш. Аб'яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый было асабліва папулярным сярод моладзі. Яно згуртавалася вакол студэнтаў-беларусаў Прагі, Рыгі, Вільні, Варшавы, Рыма і іншых гарадоў Еўропы.

Такім чынам, пасля 1925 г. палітычная дзейнасць беларускага замежжа прыкметна згортвалася, заставалася ў асноўным культурна-асветніцкая работа.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Эміграцыя – (лац. еmigro – высяляюся) – ад’езд грамадзян са сваёй радзімы ў другую дзяржаву на пастаяннае жыхарства (ці на больш ці менш доўгі час) па палітычных, эканамічных і другіх матывах.

Эмігранты – асобы, добраахвотна ці вымушана пакідаючыя радзіму грамадзянамі якой яны з’яўляюцца.

Храналогія падзей

80-я гг. ХІХ ст. – першая хваля беларускай эміграцыі.

20-я гг. ХХ ст. – другая хваля беларускай эміграцыі.

Пытанні для самаправеркі

1. Ахарактарызуйце хвалі беларускай эміграцыі ў 20–30-я гг. ХХ ст.

2. Вызначце асноўныя цэнтры эміграцыі двух перыядаў.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]