Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекцыи.docx
Скачиваний:
1
Добавлен:
17.11.2019
Размер:
585.45 Кб
Скачать

3. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі

Паводле дэкрэта СНК РСФСР ад 31 студзеня 1918 г. пры Наркамнацы ў Петраградзе быў арганізаваны Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) на чале з А.Р. Чарвяковым. Белнацкам меў характар агітацыйна-палітычны, культурна-асветніцкі, бежанскі, выдавецкі, ваенны і інш.

У сакавіку 1918 г. Белнацкам пераехаў у Маскву разам з урадам У.І. Леніна. У Петраградзе, Смаленску і Віцебску пачалі дзейнічаць аддзяленні камісарыята. Белнацкам выдаваў першую савецкую газету на беларускай мове – «Дзянніцу». Супрацоўнікамі Белнацкаму былі вядомыя дзеячы навукі і культуры: Зм. Жылуновіч, І. Пятровіч, Б. Тарашкевіч, У. Дабравольскі, А. Грыневіч, Ф. Турук, Ф. Шантыр, Я. Канчар, І. Дварчанін, Л. Радзевіч і інш. Белнацкамам быў арганізаваны Беларускі народны універсітэт у Маскве. Маючы моцныя інтэлекту-альныя сілы, Белнацкам меў на мэце стварэнне сапраўднай нацыя-нальнай дзяржаўнасці і развіццё беларускай культуры.

У цесным кантакце з Белнацкамам працавалі беларускія секцыі РКП(б), якія складаліся з рабочых і бежанцаў – членаў РКП (б).

21–23 снежня 1918 г. у Маскве адбылася канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б), на якой было абрана Цэнтральнае бюро (ЦБ) беларускіх камуністычных секцый РКП(б) на чале з Зм. Жылуновічам. ЦБ беларускіх секцый павінна было аб'яднаць намаганні камуністаў-беларусаў, якія жылі на тэрыторыі РСФСР і УССР на разгортванне нацыянальнага дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі ў сувязі з аднаўленнем на яе тэрыторыі Савецкай улады. Дэлегаты канферэнцыі прынялі рашэнне аб неабходнасці стварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі і звярнуліся да У.І. Леніна і ў ЦВК з просьбай дапамагчы беларусам у ажыццяўленні гэтай ідэі.

У той жа час кіруючыя асобы партыйных і савецкіх органаў Заходняй вобласці (В.Г. Кнорын і А.Ф. Мяснікоў) выступалі супраць правамернасці нацыянальнага самавызначэння Беларусі, адмаўляючы сам факт існавання беларускай нацыі. Яны лічылі, што пасля вызвалення краю ад нямецкай акупацыі павінна захавацца Заходняя вобласць як адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка РСФСР.

Разам з тым, ужо ў пачатку снежня 1918 г. Мінск быў вызвалены ад нямецкіх акупантаў і створаны Мінскі губрэўкам. 13 снежня Мінскі губрэўкам накіраваў тэлеграму Паўночна-Заходняму абласному камітэту РКП(б) з прапановаю ўключыць у парадак дня VI абласной партыйнай канферэнцыі пытанне аб утварэнні БССР. Адказу ён не атрымаў і звярнуўся з гэтай жа прапановаю да старшыні УЦВК, сакратара РКП(б) Я.М. Свярдлова. Але і Свярдлоў не даў ніякага адказу. Пры вырашэнні пытання аб самавызначэнні Беларусі ЦК РКП(б) кіраваўся пераважна міжнародным фактарам.

Улічваючы прапановы ЦК белсекцый і Белнацкама, 24 снежня 1918 г. ЦК РКП(б) прыняў рашэнне аб неабходнасці абвяшчэння незалежнай і суверэннай БССР. 25 снежня 1918 г. на нарадзе супрацоўнікаў Белнацкама, членаў ЦК беларускіх камуністычных секцый і камітэта маскоўскіх секцый РКП(б) было вырашана вылучыць у склад урада БССР 15 кандыдатур. На другой нарадзе работнікаў Белнацкама і белкамунсекцый сумесна з прадстаўнікамі Паўночна-Заходняга абкама РКП(б) А. Мясніковым і М. Калмановічам вырашаліся пытанні прыкладных межаў новай рэспублікі.

30 снежня 1918 г. у Смаленску адкрылася VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б), на якой былі прадстаўлены ўсе камуністычныя арганізацыі Беларусі. Канферэнцыя аб’явіла сябе першым з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. З’езд абраў Цэнтральнае Бюро КП(б) Б. З 15 членаў ЦБ КП(б)Б толькі Зм. Жылуновіч і І. Лагун былі прадстаўнікамі камуністычных секцый. 31 снежня 1918 г. і 1 студзеня 1919 г. адбыліся пасяджэнні ЦК КП(б)Б, на якіх абмяркоўвалася фарміраванне Часовага ўрада рэспублікі.

Пасля доўгіх спрэчак позна вечарам 1 студзеня 1919 г. быў канчаткова сфарміраваны Часовы рабоча-сялянскі ўрад Беларусі на чале са Зм. Жылуновічам. 1 студзеня 1919 г. па радыё Часовы рабоча-сялянскі ўрад абнародваў Маніфест, якім абвяшчалася ўтварэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. 5 студзеня 1919 г. Часовы ўрад і ЦБ КП(б) пераехалі са Смаленска ў Мінск. 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) без папярэдняга абмеркавання пытання з урадам БССР прыняў рашэнне аб выдзяленні з БССР Віцебскай, Смаленскай і Магілёўскай губерняў і ўключэння іх у склад РСФСР. Дэлегацыя ЦБ КП(б)Б не пагадзілася з рашэннем ЦК РКП(б). Ленін заявіў, што “рэспубліка – буферная, і патрэбна пастолькі, паколькі мяжуе з іншымі краінамі”. Смаленская, Віцебская і Магілёўская губерні з іншымі краінамі не мяжуюць, таму іх можна выключыць. У знак пратэсту супраць гвалтоўнага далучэння Жылуновіч, Фальскі, Чарвякоў, Шантыр і Кавальчук выйшлі са складу ўрада.

Такім чынам, для ажыццяўлення Беларуссю свайго права на самавызначэнне палітычная сітуацыя была надзвычай неспрыяльнай, і абвяшчэнне БССР было абумоўлена не аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі фактарамі, якія маглі спрыяць самавызначэнню беларускага народу, а неабходнасцю абароны Савецкай Расіі ад знешняй агрэсіі.

2–3 лютага 1919 г. у Мінску адбыўся І Усебеларускі з’езд Саве-таў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў, які ўхваліў утварэнне БССР, зацвердзіў Першую Канстытуцыю БССР і адначасова прыняў пастанову пра аб’яднанне БССР з Літоўскай ССР. 27 лютага 1919 г. ЦВК БССР і ЦВК ЛССР аб’ядналіся. Быў створаны Рабоча-Сялянскі ўрад Літвы і Беларусі на чале з В.С. Міцкевічам – Капсукасам. Ніводнага беларуса ў складзе ўраду не было, як і самастойных беларускіх устаноў. Была створана Сацыялістычная Савецкая Рэспуб-ліка Літвы і Беларусі ў складе Мінскай, Гродзенскай, Віленскай, Ковенскай і часткі Сувалкаўскай губерняў. Паводле рашэння Першага Усебеларускага з’езда, Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні адышлі да РСФСР.

Урад ЛітБелу займаўся практычным вырашэннем пытанняў гас-падарчага і культурнага будаўніцтва. Але ён адмовіўся перадаць сялянам канфіскаваныя памешчыцкія землі, і на іх месцы пачалі ствараць саўгасы. У сувязі з наступленнем польскіх войскаў 8 красавіка 1919 г. ЦВК ЛітБелу ўвёў у рэспубліцы ваеннае становішча. Але сіл на Заходнім фронце было недастаткова.

Такім чынам, БССР, абвешчаная бальшавікамі перш за ўсё з тактычных і палітычных меркаванняў, неўзабаве пасля абвяшчэння была пазбаўлена часткі сваёй тэрыторыі, уключанай у склад РСФСР. Буфернае ўтварэнне – ЛітБел ССР – таксама было недаўгавечным. 16 ліпеня 1919 г. СНК ЛітБел ССР спыніў сваю дзейнасць.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Беларускі нацыянальны камітэт (Белнацкам) – адзін з аддзелаў Наркамнаца РСФСР, які быў створаны ў студзені 1918 г. Ліквідаваны ў сакавіку 1919 г.

Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (ЛітБел) – штучнае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі Віленскай, Мінскай і частак Ковенскай і Гродзенскай губерняў у часы інтэрвенцыі, якая была створана ў лютым 1919 г. шляхам аб’яднання Літ ССР з рэшткамі тэрыторыі БССР і ліквідавана ў ліпені 1919 г.

Храналогія падзей

31 студзеня (13 лютага) 1918 г. – Дэкрэт СНК РСФСР аб стварэнні Белнацкама – аддзелу Наркамнаца РСФСР.

21–23 снежня 1918 г. – канферэнцыя белсекцый РКП(б) у Маскве. Прыняцце пастановы аб абвяшчэнні БССР.

30–31 снежня 1918 г. – VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б) у Смаленску. Прыняцце рэзалюцыі пра неабходнасць абвяшчэння ССРБ.

1 студзеня 1919 г. – абвяшчэнне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь у Смаленску.

16 студзеня 1919 г. – пастанова ЦК РКП(б) пра далучэнне да РСФСР Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў Беларусі.

2–3 лютага 1919 г. – Першы Усебеларускі з’езд саветаў Беларусі. Прыняцце Першай Канстытуцыі БССР.

27 лютага 1919 г. – стварэнне ЛітБелу.

Пытанні для самаправеркі

1. Якімі былі прычыны стварэння БССР?

2. З прадстаўнікоў якіх арганізацый быў створаны Часовы ўрад БССР?

3. У чым была прычына стварэння ЛітБелу?

4. Ці страціла БССР сваю дзяржаўнасць і незалежнасць у лютым 1919 г.?

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]