Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
История Беларуси 19 в..doc
Скачиваний:
16
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
1.56 Mб
Скачать
  1. З пісьма Ігната Дамейкі да Браніслава Залескага аб вучобе ў Віленскім універсітэце і філаматах (1870 г.):

Філаматы разам з усёй моладдзю наладзілі былі гарачую сустрэчу Лялевелю, калі ён вярнуўся ў Вільню, дзе ў выніку перамогі ў конкурсе стаў прафесарам кафедры гісторыі універсітэта. Ніводная, нават самая вялікая, зала універсітэта не змяшчала вучняў, што збегліся на адкрыццё яго курса; мусілі адкласці гэтае адкрыццё на другі дзень і даць для гэтага тую вялізную залу, што звычайна адчынялі адзін раз на год, у дзень, калі ўвесь сенат прафесараў у пунсовых тогах і берэтах збіраўся на ўрачыстае завяршэнне школьнага года і калі перад рэктарам неслі вялікі срэбны скіпетр. Лялевель сеў на рэктарскае крэсла, трохі прыгорблена, гледзячы, скасіўшыся, долу пад ускрыкі тысячы маладых людзей, а калі пачаў гаварыць, настала поўная цішыня, і голас Лялевеля набіраў усе большай моцы і значнасці; пад канец прафесар увайшоў у такі запал і выклікаў такое захапленне ў моладзі, якога дагэтуль і потым не ведаў Віленскі універсітэт. Дні праз два па ўсім горадзе хадзіў вядомы верш Міцкевіча да Лялевеля. Гэты верш яшчэ больш зацікавіў вучняў курсам гісторыі і значна павялічыў папулярнасць прафесара.

Цяжка ўжо сёння мне прыпомніць і дакладна апісаць усе важнейшыя падзеі ў Вільні двух першых гадоў існавання Таварыства, падзеі, у якіх непасрэдна ці ўскосна бралі ўдзел філаматы. Абуджэнне духу студэнцкай моладзі прымушала філаматаў не абмяжоўвацца толькі ўласным удасканаленнем, як гэта прадпісваў статут, а ўсе болей пашыраць свой уплыў на грамадства. Ім ужо цесным рабілася ўласнае кола, у якім яны дагэтуль дзейнічалі, кожны гуртаваў вакол сябе сваіх прыяцеляў, з якімі імкнуўся падтрымліваць добрыя стасункі. Асяродкам руху быў дом Тамаша Зана, які меў большую, чым у каго з нас, здольнасць падабацца і прывабліваць да сябе моладзь. Яго весялосць, паэтычнасць, дасведчанасць у многіх галінах навук і ў прыгожых мастацтвах, адкрытасць і тактоўнасць у абыходжанні з людьмі рабілі яго вельмі папулярным.

Філаматы і філарэты.Зборнік. Мн., 1998. С. 305.

  1. Меркаванні філамата ю.Кавалеўскага аб плануемым перыядычным выданні (1820 г.)

…Нельга прыступаць да выдання перыядычнага часопіса, не вызначыўшы папярэдне яго задачы. А задачы гэтыя павінны вынікаць з патрэб нашага краю, што стасуецца з намерамі нашага Таварыства. Мы праслухалі меркаванні двух нашых калег, якія звярнулі ўвагу на недахопы цяперашніх перыядычных выданняў, а таксама на патрэбы нашага нешчаслівага краю. Вядома, цяжка адразу ўсё прадугледзець, хоць мы ўсе вельмі шчыра імкнуліся да гэтага. У нас мала матэрыялаў, якія дапамаглі б земляробам яшчэ больш любіць сваю працу, памаглі навучыць іх лепшым спосабам гаспадарання на зямлі, што сёння амаль цалкам занядбана...

Але з гэтага не вынікае, што наша перыядычнае выданне павінна быць запоўнена толькі артыкуламі, прысвечанымі земляробству. Першае — у нас пакуль што няма на гэта сілы, а другое — нашы земляробы не дайшлі да таго, каб выкарыстоўваць на практыцы парады такіх выданняў. Таму галоўнай задачай нашага часопіса павінна быць павышэнне ўзроўню асветы ў грамадстве, што патрабуе ў першую чаргу паляпшэння спосабаў выкладання навук, выхавання любові да айчыны, абуджэння цікавасці да вучобы, выяўлення павучальных матэрыялаў і крыніц, умелага іх выкарыстання для задавальнення патрэб нашага краю. Поўнасцю згодзен, што ў часопісе павінны быць асобныя раздзелы. Якія і колькі іх — павінна вызначыць Таварыства. Свае значнае месца, вядома ж, знойдзе ў ім літаратурны раздзел.

Пра гэты раздзел варта сказаць тут некалькі слоў. У ім павінны змяшчацца матэрыялы, якія датычацца старажытнай і айчыннай літаратур. Гісторыя паказала, што росквіт адной прычыняецца і да росквіту другой. Таму і наш часопіс не павінен абмяжоўвацца адной толькі з гэтых літаратур, а даваць усё, што будзе дапамагаць развіццю нашай літаратуры. Мы ўсе бачым, што сёння старажытная літаратура ў нашым краі амаль цалкам занядбана. Мы не ведаем яе гісторыі, асобных аўтараў, бо іх творы ў нас не перакладзены. На гэта трэба звярнуць увагу ў першую чаргу. Даўшы агульнае ўяўленне пра старажытную літаратуру, спыніўшыся на асобных яе частках, вылучыўшы важнейшыя яе з'явы, можна будзе потым прыступіць да трактавання самых шырокіх пытанняў філасофіі. Аднак трэба добра помніць, што ў сваім часопісе мы не павінны даваць агульнаадукацыйныя матэрыялы, але, знаёмячы са старажытнай літаратурай, паказаць яе карысць, выкарыстанне ў практычным жыцці, каб гэтым самым яшчэ больш зацікавіць нашых чытачоў і прылучыць іх да супольнай працы, прымусіць задумацца над самімі сабой, над сваей сучаснасцю і будучыняй. Але разам з тым нам трэба пазбягаць друкавання ў нашым часопісе выпадковых матэрыялаў, якія нічога не нясуць чытачам. Пажадана, каб дзве асаблівасці вылучалі наш часопіс — айчынная накіраванасць і арыгінальнасць. Да першай залічаю ўсё, што адносіцца да нашага краю, звесткі, вартыя ўвагі нашых людзей, як палітычныя, так і навуковыя, якія могуць абудзіць у абыякавых сэрцах любоў да айчыны і па-большыць гэтай любові ў свядомых патрыётаў -—тут, вядома, патрэбна разумная асцярожнасць. Другой асаблівасцю хай будзе арыгінальнасць, гэтак занядбаная сёння ў перыядычных і неперыядычных выданнях, якія часта напіхваюцца абы-якімі матэрыяламі і псуюць у чытачоў густ, прыносячы гэтым самым вялікую шкоду літаратуры.

Філаматы і філарэты.Зборнік . Мн., 1998. С. 331-333.