Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Bel_yazyk_Konspekt_lektsy.doc
Скачиваний:
126
Добавлен:
15.03.2016
Размер:
645.63 Кб
Скачать

3.Лексіка паводле паходжання

Лексіка беларускай мовы паводле паходжання падзяляецца на дзве вялікія групы:

  • спрадвечна беларуская лексіка;

  • запазычаная лексіка.

У спрадвечна беларускай лексіцы вялікі пласт складаюць словы агульнаславянскія, якія існуюць у тых ці іншых формах ва ўсіх славянскіх мовах: маці, брат, дзед, сват, свёкар, сын, нага, рука, сэрца, рака, поле, луг, восень, год, дзень, зіма, ноч, раніца, бяроза, воўк, гаварыць, цёплы, воля, адзін, я, ты і г. д. Гэты пласт лексікі сфарміраваўся яшчэ да 6 – 7 стст.

Другі пласт – усходнеславянская лексіка, якая склалася ў 7 – 14 стст.: боты, вяроўка, дудка, жалейка, кубак, лыжка, журчаць, даўгарукі, смуглы, тулава, шчака, гадзюка, жаваранак, зяблік, карова, веліч, вёска, вораг.

Трэці пласт – уласнабеларуская лексіка, якая ўзнікла ў 13 – 14 стст. – нашыя дні): абрус, астрог, волат, вячысты, рухаць, клопат, лазня,вораг, пасярод, іржа, вуха, вось, крывавы, бярэзнік, спявак, сцежка, слухач, вырай.

Запазычанне слоў – няспынны працэс, уласцівы мове на працягу ўсёй гісторыі яе існавання і абумоўлена эканамічнымі, палітычнымі, гандлёвымі, культурнымі, навукова-тэхнічнымі зносінамі. Крыніцай запазычвання могуць выступаць роднасныя (славянскія) і няроднасныя (неславянскія) мовы. Лексіка запазычваецца пры неабходнасці назваць прадмет, паняцце. У такім выпадку запазычванне слова адбываецца разам з запазычваннем рэаліі: канвеер, гітара, галіфэ. Многія запазычаныя словы даюць магчымасць замены апісальнага звароту адным словам: спрынтэр ‘бягун на кароткія дыстанцыі’, каагуляцыя ‘узбуйненне часціц у дысперсных сістэмах; вядзе да выпадзення з калоіднага раствору асадку’. Іншамоўныя словы могуць запазычвацца не толькі ў адзінстве гучання і значэння. Часам іншамоўныя словы перакладаюцца з дапамогай адпаведных марфем мовы, якая запазычвае. Такі працэс называецца калькаваннем: біяграфія (грэч. bios ‘жыццё’, grapho ‘пішу’) – жыццяпіс; манускрыпт – рукапіс. Вялікая колькасць слоў запазычана са славянскіх моў:

  • паланізмы: моц, скарб, гузік, палац, хцівы, блакітны, агрэст, кабета, літасць, тлусты, млын;

  • з украінскай мовы: бадзёры, забабоны, плюгавы, журыцца, чупрына;

  • русізмы: азнаменаваць, вінтоўка, мясарубка, саратнік, чарцёж;

Запазычаныя словы з неславянскіх моў:

  • грэцызмы: акадэмія, кафедра, камедыя, геаметрыя, космас, фантазія, бібліятэка;

  • лацінізмы: аўтар, акцёр, дэкан, дырэктар, інспектар, прафесар, гумар, тэрмін, цэнтр, атэстат;

  • германізмы: жабрак, майстар, слесар, швагер, варта, рота, гандаль, ганак, ланцуг, лямпа, труна, шафа, фальварак, цукар, гафт, коўдра, цэгла, футра, барва;

  • з французскай мовы: абажур, абсурд, акварэль, афіша, апарат, бюро, бламанжэ;

  • англіцызмы: байкот, бар, баскетбол, бокс, біфштэкс, долар, танк, фільм, трэнер;

  • з італьянскай і іспанскай мовы: акорд, арыя, бас, віла, капэла, купал, кампазітар, фантан;

  • са скандынаўскіх моў: акула, вікінг, нарты, сані, тундра, якар.

АСНОЎНЫЯ ПРЫКМЕТЫ ЗАПАЗЫЧАНЫХ СЛОЎ

  1. Наяўнасць у слове літары ф: фарба, фабрыка.

  2. Пачатковая галосная о, э, а : Эма, ода, атака.

  3. Спалучэнне ге, ке, хе ў корані слоў: агент, схема, кельма.

  4. Спалучэнне бю, кю, вю, мю, пю, фю ў корані: бюро, кювет, рэвю, камюніке, капюшон, фюзеляж.

  5. Спалучэнне галосных у корані (ау, іо, ыо, еа, эа, іё, ыё): ідэал, Трыо, геаметрыя, аул і г. д.

  6. Цвёрдасць зычных д, т у спалучэннях дэ, тэ, ды, ты: дэтэктыў, тэатр, дыплом, дэкаратар.

  7. Прыстаўкі –а-, -анты-, -архі-, -контр-, -рэ-, -дэ-, -дыс-, -амфі-: амаральны, антыцыклон, рэфармацыя і г. д.

  8. Суфіксы -–ізм-, -ызм-, -іст-, -ыст-, -ір-, -ыр: арганізм, капіраваць, сацыяліст.

  9. Наяўнасць у слове спалучэнняў –ум, -ус, -юс: подыум, конус, полюс.

  10. Наяўнасць спалучэнняў зычных –дл-, -тл-, -шт-, -шп-: вяндліна, тлусты, штаб, шпрыц.

  11. Наяўнасць спалучэнняў –ен-, -ён-, -эн-: маёнтак, енк, пэндзаль.

Прыток запазычанай лексікі непазбежны, як непазбежны зносіны розных народаў і краін. За кошт запазычанняў пашыраюцца сінанімічныя рады і актывізуецца тэрмінаўтварэнне. Ужыванне запазычаных слоў павінна быць апраўдана. У большасці сваёй запазычаныя кніжныя словы зусім не абавязковыя ў бытавых моўных зносінах. У беларускай літаратурнай мове шмат запазычанняў з рускай мовы. Да іх трэба падыходзіць з тымі ж патрабаваннямі, што і да ўсякіх іншых запазычанняў: “…з двух блізкіх слоў, запазычанага і роднага, лепшае тое , якое дакладней выражае паняцце” (В. Бялінскі). У газеце чытаем: “Яны, дзве маладыя і бадзёрыя дзяўчынкі, таропяцца да кароўніка”. У гэтым сказе не апраўдана ўжыты русізм “таропяцца”. У беларускай мове ёсць цудоўны адпаведнік “ спяшаюцца”. Засмечаная русізмамі мова атрымала назву “трасянка”.Неапраўданае змяшэнне рускай і беларускай лексікі ўспрымаецца як паказчык нізкай моўнай культуры.

ЛЕКЦЫЯ 10. Агульнаўжывальная лексіка і лексіка абмежаванага ўжывання

  1. Лексіка беларускай мовы паводле ўжывання. Агульнаўжывальная лексіка.

  2. Лексіка абмежаванага ўжывання. Дыялектызмы.

  3. Спецыяльная лексіка. Тэрміны. Прафесіяналізмы.

  4. Размоўна-бытавая лексіка.

Асноўныя паняцці: дыялектызм, тэрмін, прафесіяналізм, табу, жаргон, арго.

Літаратура:

  1. Беларуская мова: Фанетыка. Арфаэпія: Падручнік для навучэнцаў педвучылішчаў /Я. М. Адамовіч. Выд. 2-е. – Мінск: Выш. школа, 1992.

  2. Ляшчынская В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка. – Мінск, 2001.

  3. Сямешка Л І. Курс беларускай мовы. – Мінск, 1996.

  4. Цікоцкі М. Я. Стылістыка беларускай мовы. – Мінск, 1995.

  5. Янкоўскі Ф. М. Беларуская мова. 3-е выд. – Мінск, 1978.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]