Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бел. язык. Проф. лексика. Конспект лекций.doc
Скачиваний:
191
Добавлен:
15.03.2016
Размер:
639.49 Кб
Скачать

3.Лексічныя, семантычныя, граматычныя асаблівасці тэрміналогіі

Тэрміны паводле будовы суадносяцца са словамі ці спалучэннямі слоў, часцей за ўсё са словазлучэннямі. Разгледзім падрабязна кожную групу тэрмінаў.

1.Словы-тэрміны не могуць існаваць па-за межамі часцін мовы, але ў якасці тэрмінаў выкарыстоўваюцца толькі назоўнікі, прыметнікі, прыслоўі, дзеясловы. Асноўную колькасць слоў-тэрмінаў складаюць назоўнікі. Напрыклад: паўфабрыкат, рэкламаванне, купон, буцік, дэмпінг (слоўнік па маркетынгу); акрэдытыў, акцыз, аўдыт, аўдытар (слоўнік менеджэра); каагуляцыя, дэнатурацыя, інактывацыя, казеін, фермент (са слоўніка інжынера-тэхнолага малочнай прамысловасці). У якасці аднаслоўных тэрмінаў часта выкарыстоўваюцца ўласныя імёны, якія, перайшоўшы ў разрад тэрмінаў, становяцца агульнымі назоўнікамі. Да такіх тэрмінаў можна аднесці адзінкі вымярэння фізічных велічынь, названыя ў гонар адкрывальнікаў, напрыклад: ампер ‘адзінка сілы току’ – па прозвішчы французскага фізіка А. М. Ампера; джоўль ‘адзінка энергіі’ – па прозвішчы англійскага фізіка Дж. П. Джоўля; паскаль ‘адзінка ціску’ – па прозвішчы французскага вучонага Б. Паскаля. У ролі тэрміна выкарыстоўваюцца ўласныя назоўнікі і як утваральныя асновы, напрыклад: у хімічнай тэрміналогіі выкарыстоўваюцца прозвішчы вучоных, у гонар якіх названы хімічныя элементы: Курчатаў – курчатавій, Кюры – кюрый, Мендзялееў – мендзялевій (мендзелеявіт) і г. д. Іншы раз для ўтварэння тэрміна выкарыстоўваецца спалучэнне імя і прозвішча вучонага: дацкі фізік Нільс Бор – хімічны элемент нільсборый. У якасці асновы слова-тэрміна выкарыстоўваецца геаграфічная назва – уласны назоўнік: Каліфорнія – каліфорній, Амерыка – амерыцый, францыя – францый, Рэйнская зямля – рэній, Германія – германій і інш. Уласны назоўнік становіцца часткай складаных аднаслоўных тэрмінаў: амперметр ‘прыбор для вымярэння сілы пастаяннага і пераменнага электрычнага току’.

У якасці слоў-тэрмінаў таксама ўжываюцца прыметнікі. У параўнанні з шырока ўжывальнымі назоўнікамі іх даволі мала. Тым менш прыметнікі-тэрміны можна сустрэць у розных тэрмінасістэмах: у эканоміцы – дэпазітны, валютны, тэрміновы, падаткавы; у хіміі, фізіцы – (жалеза) арматурнае, бромістае, вязкае, загартаванае, двухсярністае, самароднае, метэарытнае, стужачнае, перанасычанае і г. д.

Дзеясловы таксама ўжываюцца ў якасці тэрмінаў. Так, слоўнік па маркетынгу называе такія дзеяловы: ацэньваць, забяспечваць, павышаць, маркіраваць, прагназаваць, канверсаваць, інвесціраваць; у фізіцы, хіміі – дысацыіраваць, сінтэзаваць, разбаўляць, спальваць, звадкоўваць.

У ролі тэрмінаў прыслоўі ўжываюцца рэдка. Але ўсё ж сустракаюцца ў некаторых галінах навукі, культуры, тэхнікі: у тэхніцы – накрыж, шчыльна, дысперсійна, даволі пастаянна, упоперак; у медыцыне – унутрывенна, дынамічна, уручную.

2.Словазлучэнні-тэрміны шырока выкарыстоўваюцца ў навуцы і тэхніцы. Вылучаюць свабодныя і несвабодныя словазлучэнні. У свабодных словазлучэннях кожны кампанент па-за межамі тэрміна можа ўступаць у сувязь з іншымі словамі, напрыклад: ёмкасць рынку, рынак пакупніка, серная кіслата, канцэнтрацыя раствору. Кожны кампанент з’яўляецца тэрмінам. У несвабодных словазлучэннях-тэрмінах можна выдзеліць кампанент, які можа і не быць тэрмінам, напрыклад: бацькоўская фірма, белы тавар – тэрміны маркетынгу, дзе ‘бацькоўская, белы’ – словы агульнаўжывальныя, якія не маюць тэрміналагічнага значэння, калі ўжываюцца па-за тэрмінам. Тое ж можна сказаць пра тэрміны “водазліўная вежа, абсалютная велічыня, глаўберава соль”. У словазлучэннях-тэрмінах наглядаецца спалучэнне назоўніка з назоўнікам (галоўнае і залежнае слова): доза выпраменьвання, растваральнасць рэчыва, сульфат кальцыю, крыніца атрымання. У якасці кампанента тэрмінаў з галоўным словам агульным назоўнікам выступаюць уласныя назоўнікі: закон Авагадра, закон Кулона, прынцып Ферма, шкала Цэльсія, піраміда Маслава, індэкс Нільсана (у эканоміцы). Часам у склад кампанента тэрміна-словазлучэння ўваходзіць два прозвішчы адразу, носьбіты якіх мелі дачыненне да адкрыцця, напрыклад: ураўненне Клапейрона-Мендзялеева, закон Джоўля-Ленца, энергія Гібса. Радзей сустракаюцца прыназоўнікавыя тэрміны-словазлучэнні: выдаткі на захаванне, адмаўленне ад іску, кансалтынг па менеджменту. Шырока прадстаўлены тэрміны-словазлучэнні, якія ўяўляюць сабой спалучэнне прыметніка з назоўнікам, дзе прыметнік выступае ў ролі азначэння, але ўсё ж выконвае не якасную характарыстыку, а ўдакладняльную, класіфікацыйную: у эканоміцы - баланс аперацыйны, злучальны, раздзяляльны, уступны, ліквідацыйны; у фізіцы – карозія анодная, катодная, нераўнамерная, глебавая, сухая, паскораная, скразная, нажавая, паслойная; у харчовай прамысловасці – бульбапрадукты сухія, замарожаныя, абсмажаныя, ахалоджаныя, кансерваваныя, канцэнтраваныя. Прыметнік у складзе тэрміна не можа мець формаў ступеней параўнання, нават калі гэта якасны прыметнік, напрыклад: сухія прадукты, сухая карозія – тут прыметнікі маюць толькі форму скланення і не маюць форм ступеней параўнання. У складзе тэрмінаў-словазлучэнняў могуць быць вытворныя прыметнікі ад уласных назоўнікаў: рэнтгенаўскія промні (адкрыты нямецкі фізікам К. Рэнгенам), дызельнае паліва (па прозвішчы нямецкага інжынера Дызеля).

3.Адметнасцю сучаснай навуковай тэрміналогіі беларускай мовы з’яўляцца трохслоўныя і шматслоўныя тэрміны. Гэта звязана з удакладненнем, дапаўненнем галоўнага кампанента, каб больш дэталёва выразіць абазначанае паняцце, каб больш адлюстраваць колькасць прыкмет паняцця, з другога боку, гэта звязана з адсутнасцю аднаслоўных тэрмінаў. Добра было б, калі можна замяніць словазлучэнне-тэрмін аднаслоўным тэрмінам: схема размяшчэння – кампаноўка; вядучы прэзентацыі тавару –дэманстратар; уласцівасць рэчываў растварацца – растваральнасць; колькасць рэчыва, растворанага ў пэўнай колькасці растваральніка – канцэнтрацыя (раствору). Састаўныя тэрміны падобныя да простых перш за ўсё тым, што яны абазначаюць адно цэласнае паняцце. У трох- і шматслоўных тэрмінах апорным словам з’яўляецца назоўнік, напрыклад: фонд заработнай платы, бюджэтныя ўстановы і арганізацыі, метад бухгалтарскага ўліку, кантрольны пакет акцый, свабодна канверсаваная валюта. Часткова састаўныя тэрміны спрашчаюцца, утвараючы складаныя словы, абрэвіятуры: капітальныя ўкладанні – капукладанні, перфарацыйная карта – перфакарта; Амерыканская асацыяцыя маркетынгу – ААМ; Еўрапейская эканамічная супольнасць – ЕЭС. Іншы раз замяняюцца іншамоўнымі словамі: даведнік цэн па відах і гатунках тавараў або па відах паслуг – прэйскурант.