Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Курс лекцый.doc
Скачиваний:
38
Добавлен:
29.02.2016
Размер:
637.44 Кб
Скачать

III. Навуковы стыль беларускай мовы План

1. Навуковы стыль і яго разнавіднасці.

2. Асноўныя рысы навуковага стылю.

3. Лексічны склад навуковага стылю:

а) агульнанавуковая лексіка;

б) асаблівасці тэрмінаў, спосабы іх словаўтварэння;

в) словы-арганізатары навуковай думкі.

4. Марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці навуковых тэкстаў.

5. Жанры навуковага стылю. Кампазіцыйна-структурная арганіза-цыя навуковага тэксту.

1. Навуковы стыль і яго разнавіднасці

У кожнай нацыянальнай мове на працягу яе развіцця афармляюцца і замацоўваюцца грамадска ўсвядомленыя нормы ўжывання моўных сродкаў з улікам сацыяльных абставін, формы зносін (вуснай ці пісьмовай, дыялагічнай ці маналагічнай), зместу маўлення, мэт і задач выказвання. Гэтыя нормы з’яўляюцца асновай для вылучэння функцыянальных стыляў мовы. Такім чынам, “функцыянальны стыль мовы – гэта грамадска ўсвядомленая, унутрана аб’яднаная спецыфічная сістэма моўных сродкаў, якая абумоўлена мэтамі і прынцыпамі адбору гэтых сродкаў у той ці іншай сферы грамадскай дзейнасці (навуковай, дзелавой, публіцыстычнай і г.д.) і найлепшым чынам абслугоўвае зносіны ў гэтай сферы” (Цікоцкі, с. 243).

Навуковы стыль – паняцце даволі шырокае. Ён выкарыстоўваецца ў галіне навукі, тэхнікі, адукацыі і аб’ядноўвае разнастайныя па змесце і прызначэнні віды і жанры літаратуры. Навуковыя тэксты ўяўляюць сабой манаграфіі, дысертацыі, артыкулы, даклады, тэзісы, справаздачы аб навуковай дзейнасці.

Навуковы стыль – гэта сістэма моўных сродкаў, прызначаная для перадачы і захоўвання навуковых ведаў.

Рэалізуецца навуковы стыль пераважна ў пісьмовай форме, аднак на канферэнцыях, у аўдыторыях, дыскусіях можна пачуць і вуснае навуковае маўленне.

Мэта навуковага тэксту – данесці да чытача аргументаваную інфармацыю, выкладзеную лагічна, паслядоўна, ясна, аб’ектыўна.

Як піша Р.А. Будагаў, “стыль навуковага выкладу – катэгорыя строга гістарычная. У розных краінах ён ствараўся ў розны час. Перадумовы для яго афармлення і далейшага развіцця вызначаліся: 1) агульным станам навукі і навуковых выданняў у гэтай краіне; 2) ступенню развіцця літаратурна апрацаванай мовы; 3) вялікімі майстрамі – пісьменнікамі і вучонымі, якія звярталіся да роднай мовы ў сваіх навуковых, гістарычных і крытычных творах”.

Асноўная функцыя навуковага тэксту – данесці да чытача пэўную навуковую інфармацыю, а таксама аргументаваць вывады, даказаць навізну і каштоўнасць навуковых ідэй. Спецыфіка дадзенай функцыі вызначае і асноўныя рысы навуковага стылю: лагічнасць, яснасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць, доказнасць, абстрагаванасць навуковага маўлення.

Сфера прымянення навуковага стылю вельмі шырокая. Гэта адзін са стыляў, які мае моцны і рознабаковы ўплыў на літаратурную мову. Шырокае і інтэнсіўнае развіццё навуковага стылю прывяло да фарміравання ў яго межах наступных разнавіднасцей (падстыляў): 1) уласна навуковага; 2) вучэбна-навуковага; 3) навукова-інфарма-тыўнага; 4) навукова-даведачнага; 5) навукова-папулярнага. Кожнаму падстылю ўласцівы свае жанры і індывідуальна-стылёвыя рысы.