Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
mifologia.doc
Скачиваний:
222
Добавлен:
22.02.2016
Размер:
2.21 Mб
Скачать

1. Беларуская касмагонія.

Касмагонія з’яўляецца асноўнай сістэмаўтвараючай дамінантай міфалогіі, тым падмуркам, на якім грунтуецца таксанамічная іерархія космасу, у каардынатах якой дзейнічаюць міфалагічныя персанажы. Касмагонія дае ўяўленне і аб тэалагічных асновах пэўнай міфалагічнай структуры, выводзіць на глыбінныя механізмы прычынна-паслядовай сувязі падзей і з’яў міфалагічнага космасу. У гэтым сэнсе касмагонія і структура беларускага космасу характарызуецца суіснаваннем розных па марфалогіі касмаганічных сістэм.

Утварэнне космасу ў беларускай міфалогіі ўпісваецца ў метакультурную касмаганічную сістэму, якая існуе ў межах апазіцыі хаос (нішто) – космас (сістэма, парадак). «Калісь яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было», – сцвярджаецца ў беларускім касмаганічным міфе. «Усё на свеце мае свой парадак», – сведчыць іншы міф, сцвярджаючы эпістэму парадку ў якасці галоўнай у космаўтварэнні. Так ці інакш гэта міфалагема прысутнічае ў розных па паходжанні касмагоніях.

У найбольш распаўсюджанай у сусветнай міфалогіі касмаганічнай сістэмы космас утварыўся ад злучэння зямлі – носьбіта жаночага пачатку, і неба – мужчынскага. У выніку гэтага ўзніклі разнастайныя міфалагічныя істоты. Касмагонія ў межах бінарнай апазіцыі жаночае/мужчынскае прысутнічае ў розных міфалагічных сістэмах – напрыклад, у грэчаскай, дзе касмагонія пачынаецца са злучэння Геі і Урана. У беларускім варыянце гэты міф мае сваю спецыфіку: тут злучыліся Сонца і Маці-Зямля, ад якія і пайшло ўсё зямное жыццё. У дадзеным выпадку звяртае ўвагу, што сонца фактычна атаясамліваецца з небам. Гэта адпавядае беларускай традыцыі, дзе салярным багам надаецца першаснае значэнне. У Сонца і Зямлі з’явіліся дзеці – г.зн. другое пакаленне багоў, – Ярыла, Жытняя Баба, асноўная функцыя якіх – назіранне за збожжавым уродам.

Звяртае ўвагу арыентацыя гэтых багоў менавіта на плоднасць, яе ахову і стымуляцыю. Неўзабаве ў Жытняй Бабы і Ярылы нараджаецца трэцяе пакаленне багоў – Жыцень, Спарыш, Рай, Багач. З’яўленне новых пакаленняў багоў – не адмысловая рэч у міфалогіі: яна пайшла са старажытнай касмагоніі шумераў і трывала прадстаўлена ў індаеўрапейцаў. Аднак, у адрозненні ад змены пакаленняў іншых міфалагічных сістэм, у беларускай міфалогіі адметнай рысай з’яўляецца адсутнасць супрацьборства, ваяўнічага характару іх узаемаадносінаў. У мірных стасункахз бацькамі можна ўбачыць праекцыю вялікай патрыярхальнай сям’і, што працяглы час існавала на Беларусі. Звяртае ўвагу таксама адсутнасць палавога дымарфізму ў багоў трэцяга пакалення: яны прадстаўлены ці то мужчынскімі, ці то жаночымі, ці то андрагіннымі (Спарыш) персанажамі. Гэтая канчатковая самадастатковасць трэцяга пакалення сведчыць аб вычарпанасці акту космаўтварэння дадзенай генерацыі. Заўважым, што ў беларускай, як і ў тыпалагічна падобных космаўтваральных сістэмах, адсутнічае антропагенетычны аспект – галоўная ўвага надаецца багам. Няма ў беларукія варыянце і расповедаў пра ўтварэнне персаніфікацый зла, якія ў сваёй абсалютнай большасці генетычна звязаныя з хрысціянізаванай канцэпцыяй міфалогіі.

Наступная касмаганічная канцэпцыя ўяўляе сабой найбольш цікавую, этнаспецыфічную інтэрпрэтацыю паходжання свету і жывых істот. Згадает яе асноўныя пазіцыі. Спачатку, як заўсёды, нічога не было: навокал стаяла толькі мёртвая вада, а пасярод яе тырчаў «нібы камень, нібы што». І вось аднойчы Пярун пачаў біць стрэламі ў гэты камень,ад чаго выскачылі тры іскаркі:белая, жоўтая і чырвоная. Гэтыя іскаркі ўпалі ў ваду, якая памуцілася, як і ўвесь навакольны свет. Пазней «як усё высветлілася, дык і адзначылася – дзе вада, дзе зямля». праз некаторы час завялося ўсялякае жыццё – у вадзе і на зямлі: лясы, зверы, рыбы, а пасля чалавек невядома адкуль – ці адсюль, ці прыйшоў аднекуль. Гэты вельмі каштоўны з пункту гледжання беларускай культуралогіі міф можа разглядацца як кантамінацыя архетыпічных вобразаў нашай культуры, прапушчаных скрозь прызму метакультурных архетыпаў. Першасны вобраз міфа – мёртвая вада – адсылае нас да апазіцыі жывая вада (жывое)/мёртвая вада (мёртвае), якая ляжыць у падмурку адной з асноўных міфолага-казачных апазіцый: всет жывых/свет набожчыкаў. Наступны вобраз міфу – камень пасярод вады, - скіроўвае нас да міфалагемы гары, узвышша. Вобраз гары (кургана, піраміды) належыць да адной з асноўных медыятыўных міфалагемаў, - месцаў, дзе ажыццяўляецца кантакт паміж зямным і нябесным. У дадзеным выпадку камень над вадоў, у які патрапляе Пярун – класічны медыятар паміж вадой і агнём. Гэтаксама ён злучае верх і ніз, - хаця ў нашым выпадку гэты падзел яшчэ досыць невыразны. Яшчэ адна функцыя каменя, што адзінока ўзвышаецца над прасторай – быць цэнтрам свету, месцам, вакол якога стане гуртавацца нейкая касмічная, рэлігійная ці грамадская сістэма. Пра гэта нам нагадваюць камяні на паганскіх капішчах – старадаўні звычай шукаць прыродны цэнтр. Міфалагема гары (каменю) як пачатак космасу сустракаецца не толькі ў беларусаў.

Наступны блок касмаганічных уляўленняў звязаны з інтэрпрэтацыяй біблейскіх сюжэтаў космаўтварэння, прычым, у шэрагу выпадкаў, гэтая інтэрпрэтацыя мае досыць умоўны характар: яна ці вельмі далёка адыходзіць ад першакрыніцы, ці, як можна меркаваць, з’яўляецаа самастойным міфалагічным сюжэтам. Галоўнай асаблівасцю гэтай касмагінічнай сістэмы ёсць канстатацыя таго, што свет быў створаны Богам. Гэтая канцэпцыя істотнаадрозніваецца ад усіх старажытных касмагоній індаеўрапейскім і не індаеўрапейскіх народаў, дзе стварэнне свету – вынік дзеянняў некалікіх суб’ектаў – неба, зямлі, сонца, мужчынскай і жаночай іпастасі і інш. Праўда, да біблейскай канцэпцыі набліжаецца старажытнаіндыйская касмагонія – стварэнне свету з Адзінага ці з Пурушы, які сам сябе прынёс у ахвяру. Але ў гэтых выпадках мы маем справу з эскалацыяй уласнай прыроды, якую творца трансплантуе ў сусвет. А ў біблейскай касмагоніі бог знаходзіцца з сусветам ў стасунках суб’екта і аб’екта, якія працягваюць сваё раз’яднанае існаванне і пасля акту тварэння.

Характэрная з’ява беларускай інтэрпрэтацыі біблейскай касмагоніі – удзел у касмаўтварэнні нячысцікаў (д’ябла, чорта). Звычайна яны ствараюць «нячыстыя» месцы. Так, балоты з’явіліся ад той зямлі, што вырыгаў чорт, горы і балоты – гэтя зямля, што кіпцюрамі драў і кідаў чорт. Падобная інтэрпрэтацыя біблейскай тэматыкі набліжаецца да тапалагічна блізкіх індыйскіх расповедаў – напрыклад, аб забітым драконе Врытры, з цела якога ўзніклі Месяц, а з крыві – пеўні. Разам з утварэннем зямлі адбываецца стварэнне Богам астральных аб’ектаў: сонца, месяца, зорак. Сонца – гэта агонь, які грэе неба, каб там было цёпла – распавядаецца ў адным з міфаў; сонца – гэта Божае вогнішча – сцвярджаецца ў іншым. Гэткія погляды адпавядаюць паганскаму светаўспрыманню сонца як нябеснага агню, які існуе побач з агнём зямным, Богам якого з’яўляецца Жыжаль. Яшчэ адна семантэма сонца – кола, адзін з асноўных архетыпічных міфалагічных вобразаў.

Міфалагічная антрапагонія таксама мае ў беларускай міфалогіі пераважна біблейскі характар: «Думаець господзь: што ж сатварыў неба і зямлю, - нужна сатварыць людзей». Варыяцыі на гэтую тэму належаць да спецыфічных рысаў беларускай міфалогіі. «Бог першага чалавека зляпіў з гліны накшталт свайго аблічча, а потым хукнуў на яго», - тут мы маем справу з біблейскай цытатай, дзе прах зямны заменены больш знаёмай глінай.

Паганская версія стварэння чалавека цьмяная: у касмаганічным міфе пра камень пасярод вады і Пяруна – чалавек ці вырас тутака, ці прыйшоў аднекуль. Цікавая інтэрпрэтацыя знешняга аблічча першых людзей: скура іх была нібыта ў нас пазнагоцці, ад чаго ім не было холадна, але пасля таго як яны саграшылі, яна адвалілася. Матыў цвёрдай чалавечай скуры – медыятара паміж чалавекам і навакольным асяроддзем – сведчыць аб «жывёльнасці» першых людзей, адсутнасці выразнай апазіцыі культура/прырода, што складае аснову міфалагічнай антрапалогіі.

Метаміфалагічныя, у тым ліку і бібілейскія паралелі мае вобраз першых людзей – волатаў, асілкаў, вялікалюдаў, веліканаў. У адрозненне ад іншых міфалагічных сістэмаў, тэма волатаў займае ў беларускай міфалогіі вялікае месца (дастаткова згадаць крывіцкія курганы – ластоўкі). Асілкі ў беларускай міфалогіі мелі славутае чортава рэбра, якое давала ім вялікую моц. Такімі ж былі і іхнія жонкі, якія нараджалі за раз два-тры дзіцяці. Як і іншыя веліканы, яны не вялі ніякай гаспадаркі, нічога не сеялі, лавілі звяроў да рыбу, хадзілі ў звярыных скурах, што ўказвае на сувязь гэтых персанажаў з традыцыйнай памяццю аб першабытным ладзе жыцця. Падцверджаннем гэтага служыць частае ўзгадванне камянёў, якімі асілкі біліся, палявалі, што можна разглядаць як алюзіі каменнага веку. Толькі ў адным з паданняў згадваецца пра тое, што асілкі пачалі будаваць гарадзішча.

Вынішчэнне асілкаў мае біблейскія паралелі – з сюжэтамі пра вавілонскую вежу і патоп. Праўда, у беларускай міфалогіі па адной версіі Бог пераўтварыў волатаў у звычайных людзей за тое, што яны кідалі ў неба камяні. А па другой – ён зрабіў іх бязглуздымі (паколькі волаты яму пагражалі), ад чаго яны пачалі ілбамі разбіваць каменныя горы і пазабіваліся. Асноўная прычына вынішчэння асілкаў – іх выклік Богу, а яшчэ – вынішчэнне жывёлаў і раслінаў.

Разам з тым, не заўсёды першы «жыхар» быў волатам-дзікуном. У адным з міфаў чалавек досыць хутка збудаваў сваю сядзібу, завёў многа жонак, дзяцей. Яго звалі Бай. Пасля смерці ён падзяліў сваю маёмасць паміж сынамі, запамятаўшы аднаго – Белаполя, які ў гэты час быў на паляванні з сабакамі Стаўры і Гаўры (адсюль стаўраўскія дзяды). Ад гэтага Белаполя і яго «розных жонак» і пачаліся беларусы. Тут мы бачым традыцыйны казачна-міфалагічны матыў пакрыўджанага сына, які, тым не менш, дабіваецца поспеху.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]