Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Bel.mova.dapamozhnik.doc
Скачиваний:
417
Добавлен:
05.02.2016
Размер:
856.58 Кб
Скачать

Тэма VI Лексікаграфія. Тыпы слоўнікаў

Лексікаграфія (ад грэч. lexikos – які адносіцца да слова і grapho – пішу) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца тыпы слоўнікаў паводле іх структуры і прызначэння. У задачу лексікаграфіі ўваходзіць таксама вывучэнне будовы слоўнікавых артыкулаў, распрацоўка памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова.

Пачатак развіцця беларускай лексікаграфіі звязваюць з дзейнасцю першадрукара і асветніка Ф. Скарыны. Менавіта ён на палях сваіх кніг зрабіў пераклад каля 200 незразумелых царкоўнаславянскіх слоў на старабеларускую мову (такія тлумачэнні называліся глосамі). Пачынанне Скарыны было працягнута яго паслядоўнікамі. Ужо ў канцы ХVІ ст. з’яўляецца першы друкаваны перакладны слоўнік «Лексисъ» Лаўрэнція Зізанія (у ім 1061 слова); у 1627 г. у Кіева-Пячэрскай лаўры выходзіць слоўнік «Лексиконъ славеноросский» Памвы Бярынды (у ім каля 7000 слоў). З тлумачальных слоўнікаў ХІХ ст. найбольш каштоўным з’яўляецца «Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча (1870 г.). Гэты слоўнік – вынік 16-гадовай працы яго аўтара. Тут поўнасцю адлюстравана лексіка і фразеалогія жывой беларускай мовы таго часу (больш за 30 000 слоў). У сваім слоўніку І. Насовіч выяўляе значэнні мнагазначных слоў, дае граматычную характарыстыку, указвае сферу ўжывання слоў, тлумачыць паходжанне некаторых з іх. Аўтар свядома не ўключаў у слоўнік словы, агульныя для беларускай і рускай моў. У якасці ілюстрацыйнага матэрыялу выкарыстоўваў народныя песні, прыказкі, выслоўі, фразеалагізмы. Слоўнік І. Насовіча перавыдадзены ў 1983 г. Пачынаючы з 20-х гадоў ХХ ст. у нашай краіне вядзецца сістэматычная лексікаграфічная праца.

Усе слоўнікі падзяляюцца на энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

Энцыклапедычныя слоўнікі – гэта даведнікі, у якіх у сціслай форме выкладзены навуковыя веды. Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, апісваюць прадметы, з’явы, падзеі, расказваюць пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры і г.д. Загаловачнае слова ў энцыклапедычных слоўніках не мае граматычнай і стылістычнай характарыстыкі, у ім толькі пазначана месца націску; указваецца паходжанне запазычаных тэрмінаў. Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, дыяграмы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі.

Энцыклапедычныя слоўнікі бываюць агульныя і галіновыя. Агульныя энцыклапедычныя слоўнікі даюць сістэматызаваныя звесткі з розных галін ведаў. Прыклады такіх слоўнікаў: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (БелСЭ) у 12 тамах (1969–1975), «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (КЭ БССР) у 5 тамах (1978–1981), «Беларуская энцыклапедыя» ў 18 тамах (1996–2004).

Галіновыя слоўнікі падаюць звесткі з якой-небудзь адной галіны навукі, культуры, вытворчасці і пад., напрыклад, «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў 5 тамах (1984–1987), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» ў 5 тамах (1983–1986), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6 тамах (1993–2003) і інш.

Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы мовы, тлумачаць іх значэнне, паходжанне і пад. Яны бываюць аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. Двухмоўнымі і шматмоўнымі з’яўляюцца перакладныя слоўнікі, напрыклад, «Руска-беларускі слоўнік» у 2 тамах пад рэдакцыяй К. Крапівы (1982), «Беларуска-рускі слоўнік» у 2 тамах (1988), «Украінска-беларускі слоўнік» В. П. Лемцюговай (1980), «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяй А. Абрэмбскай-Яблонскай і М. Бірылы (1962), «Англійска-беларуска-рускі слоўнік» пад рэдакцыяй Т. М. Сушы і А. К. Шчу-кі (2004) і інш.

Найважнейшае значэнне для вывучэння слоўнікавага складу мовы маюць тлумачальныя слоўнікі. Прыкладамі такіх слоўнікаў з’яўляюцца «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5 тамах (1977–1984), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» А. Я. Баханькова, І. М. Гайду-кевіча, П. П. Шубы (1979) для сярэдняй школы, «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» пад рэдакцыяй М. Р. Судніка (1996).

Разнавіднасцю тлумачальных слоўнікаў з’яўляюцца дыялектныя (абласныя) слоўнікі, у якіх адлюстроўваецца і тлумачыцца лексіка адной гаворкі або групы гаворак: «Дыялектны слоўнік» Ф. М. Янкоўскага (вып. 1, 1959; вып. 2, 1960; вып. 3, 1970), «Дыялектны слоўнік: З гаворак Зэльвеншчыны» П. У. Сцяцко (1970), «Тураўскі слоўнік» А. А. Крывіцкага, Г. А. Цыхуна, І. Я. Яшкіна і інш. у 5 тамах (1982–1987) і г.д.

У фразеалагічных слоўніках сабраны ўстойлівыя словазлучэнні (фразеалагізмы), растлумачана іх значэнне, прыведзены ілюстрацыі. Сярод іх – «Слоўнік беларускай народнай фразеалогіі» Г. Ф. Юрчанкі (1972), «Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы» Н. В. Гаўрош, І. Я. Лепе-шава, Ф. М. Янкоўскага (1973), «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» І. Я. Лепешава, у якім разглядаецца паходжанне фразеалагізмаў беларускай мовы (1981), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» у 2 т. І. Я. Ле-пешава (1993) і інш.

Вялікае значэнне ў засваенні правільнага напісання слоў маюць арфаграфічныя слоўнікі: «Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы» М. П. Лобана, М. Р. Судніка (1982), «Арфаграфічны слоўнік» для пачатковай школы (1982), «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэдакцыяй М. В. Бірылы (1987), «Кароткі слоўнік беларускай мовы: Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Словаўжыванне» Г. У. Арашонкавай, В. П. Лемцюговай (1994), «Беларускі арфаграфічны слоўнік» пад рэдакцыяй А. А. Лукашанца (2009) і інш.

Даволі шматлікімі з’яўляюцца тэрміналагічныя слоўнікі. У іх тлумачацца тэрміны з розных галін навукі, тэхнікі і г.д. Напрыклад, «Слоўнік лінгвістычных тэрмінаў» (1990), «Слоўнік акцёра і рэжысёра» (1995), «Кароткі тлумачальны слоўнік паліталагічных тэрмінаў» (1997), «Кароткі эканамічны слоўнік» (1993), «Кароткі беларускі слоўнік музычных тэрмінаў» (1992), «Тэрміналагічны слоўнік па вышэйшай матэматыцы для ВНУ» (1993), «Слоўнік фізічных і астранамічных тэрмінаў» (1979), «Руска-беларускі слоўнік па машынабудаванні» (1998), «Лаціна-руска-беларускі батанічны слоўнік» (1967), «Руска-беларускі слоўнік біялагічных тэрмінаў» (1992), «Руска-беларускі агранамічны слоўнік» (1994), «Расейска-беларускі хімічны слоўнік» (1993), «Русско-белорусский словарь спортивной терминологии» (1993), «Краткий русско-белорусский словарь терминов по спортивным играм» (1996), «Русско-белорусский медицинский словарь» (1993), «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік» (1997), «Руска-беларускі фізічны слоўнік» (1999) і інш.

Да лінгвістычных таксама адносяцца гістарычныя слоўнікі (адлюстроўваюць лексіку мінулых эпох, час узнікнення і шляхі развіцця слоў), этымалагічныя (паходжанне слоў, змены іх значэнняў), слоўнікі сінонімаў, амонімаў, антонімаў, паронімаў, іншамоўных слоў, слоўнікі мовы пісьменнікаў, тапанімічныя слоўнікі (адлюстраваны геаграфічныя назвы), антрапанімічныя (фіксуюцца ўласныя імёны), марфемныя слоўнікі (вызначаецца марфемная будова слова) і многія іншыя. Безумоўна, гэта далёка не поўны пералік існуючых на сённяшні дзень слоўнікаў у беларускай мове.

Трэба заўважыць, што будова слоўнікавага артыкула (загаловачнае слова разам са звесткамі пра яго) вызначаецца тыпам слоўніка. Так, поўны слоўнікавы артыкул тлумачальнага слоўніка ўключае наступныя элементы: загаловачнае слова; граматычную характарыстыку; стылістычную характарыстыку; сэнсавую характарыстыку; ілюстрацыйны матэрыял; тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні; этымалагічную даведку. Размяшчаюцца загаловачныя словы ў слоўніку ў алфавітным або алфавітна-гнездавым парадку. Пры алфавітна-гнездавой падачы слоў вытворныя ад агульнага кораня і блізкія значэннем словы аб’ядноўваюцца ў гняздзе (прыкладам можа служыць «Русско-белорусский словарь», 1982). Ілюстрацыямі ў большасці слоўнікаў з’яўляюцца прыклады ўжывання слоў у сказах, што бяруцца з літаратурных крыніц.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]