Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Bel.mova.dapamozhnik.doc
Скачиваний:
422
Добавлен:
05.02.2016
Размер:
856.58 Кб
Скачать

8 Сучасная беларуская лексіка паводле паходжання

Лексічны склад беларускай мовы фарміраваўся на працягу многіх стагоддзяў, няспынна развіваўся і ўдасканальваўся. Менавіта ў лексіцы адлюстравалася і гісторыя развіцця беларускага народа. Вылучаюцца два вялікія пласты нашай лексікі паводле паходжання: спрадвечная і запазычаная.

8.1 Спрадвечна беларуская лексіка

Спрадвечна беларуская лексіка – гэта словы, якія існавалі ўвесь час у мове нашых продкаў, яны ўзніклі і ўзнікаюць у мове на базе ўласнай граматычнай і лексічнай сістэм. Сярод іх вылучаюцца:

1) індаеўрапейская лексіка – самыя старажытныя (III–I тыс. да н.э.) словы, карані якіх існуюць у большасці індаеўрапейскіх моў: маці – mater (лат.), mother (англ.), Mutter (ням.), mère (фр.), madre (іт.); новы – novus (лат.), new (англ.), neu (ням.), nouveau (фр.), nuovo (іт.); брат – frater (лат.), brother (англ.), Bruder (ням.), frère (фр.) fratello (іт.); сонца – sol (лат.), sun (англ.), Sonne (ням.), soleil (фр.), sole (іт.); два – duo (лат.), two (англ.), zwei (ням.), deux (фр.), due (іт.); соль – sal (лат.), salt.(англ.), Salz (ням.), sel (фр.);

2) агульнаславянская (праславянская) лексіка – словы, якія ўзніклі ў часы славянскага адзінства II тыс. да н.э. – I тыс. н.э.), калі існавала праславянская мова. Гэтыя словы маюць адпаведнікі ў сучасных славянскіх мовах: ліпа, трава, муха, вузкі, унук, сястра, заяц, цёплы, лес, рака, дуб, снег, пчала, сасна, зямля, галава, нос, серп, адзін, жыта, воўк, ткаць, секчы, трава, грыб. Пласт агульнаславянскай лексікі хоць і нешматлікі (каля 2000 слоў), але з’яўляецца ядром слоўніка кожнай славянскай мовы;

3) усходнеславянская лексіка – словы, вядомыя з часоў, калі ўсходнеславянскія плямёны выдзеліліся з агульнаславянскай еднасці і прыйшлі на тэрыторыі Старажытнай Русі (VІІІ–ХІІІ стст.). Гэтыя словы захаваліся толькі ў сучаснай рускай, украінскай і беларускай мовах: снягір, авёс, лістапад, барана, вежа, карыта, млын, парог, страха, лапці, рукавіцы, боты, анучы, суддзя, прысяга, цямніца, кошка, жаваранак, сорак, дзевяноста, пляменнік, дзядзька, падчарыца, скакаць, гуляць, сям’я, куст;

4) уласнабеларуская лексіка – словы, якія ўзніклі ўжо тады, калі сфарміравалася беларуская нацыянальная мова (ХІV–ХVІІ стст.): волат, паклёп, аржаны, слухач, асветнік, абрус, дранікі, сейбіт, гала, націна, дрыгва, сумёт, каліва, шурпаты, прадвесне, уціск, шчыраваць, раскашаваць, лазня, асілак, вадзянік, вайсковец, араты, працаўнік, вясковец, бусел, берасцянка, алешнік, ваўчкі, заранка, вясёлка, надвор’е, золак, світанне, спёка, цемра, сакавік, красавік, спадніца, хустка, зацірка, пакута, пяшчота, хвароба, байка, выказнік, дзейнік.

8.2 Запазычаная лексіка

Запазычаная лексіка – словы, якія прыйшлі ў нашу мову з іншых моў. Запазычванне адбываецца непасрэдна з моў-крыніц і праз пасрэдніцтва іншых моў (польскай, рускай, украінскай) двума шляхамі – вусным і пісьмовым. Многія запазычаныя словы былі асвоены беларускай мовай фанетычна і граматычна і цяпер не ўспрымаюцца намі як чужыя. Іх «іншаземнасць» можна ўстанавіць толькі шляхам спецыяльнага лексічнага аналізу. Запазычаная лексіка падзяляецца на запазычанні са славянскіх моў і запазычанні з неславянскіх моў.

Запазычанні са славянскіх моў няпроста вылучыць з беларускай лексікі, бо яны лёгка асвойваюццца нашай мовай, што тлумачыцца падабенствам граматыкі і фанетыкі. Большасць славянскіх запазычанняў прыйшлі да нас з польскай мовы, бо на працягу амаль чатырох стагоддзяў на нашых землях існавала беларуска-польскае двухмоўе. З тых часоў у нашай мове захаваліся паланізмы: вензель, відэлец, быдла, гузік, вяндліна, замак, заядлы, зброя, здрада, кавадла, курок, маёнтак, моц, падданы, палкоўнік, пан, паядынак, скарб, скарга, сукенка, хлопец, чвэрць, палац, кабета, цаля. У выніку ўзаемадзеяння беларускай і ўкраінскай моў на ўсіх этапах гістарычнага развіцця з украінскай лексікі ў беларускую перайшлі словы: бадзёры, лунаць, недалуга, забабоны, плюгавы, журыцца, падлюга, чупрына, бацькаўшчына, вербалоз, ежа, агортваць, боршч, прыкмета, заляцанне, хутар, варэнік, побыт, журыцца, галушка, забабоны. Нямала ў беларускай мове і слоў, запазычаных з рускай мовы, асабліва за савецкім часам: масцеравы, савет, чайнік, кафельшчык, важаты, раскольнік, сталовая, ссылка, пераварот, забастоўка, подзвіг, ячэйка, дзекабрыст, абшчына. Царкоўна-славянская мова, якая на працягу тысячагоддзя з’ўляецца мовай праваслаўнай царквы, паўплывала і на беларускую мову, пашырыўшы яе лексічны склад такімі словамі: дрэва, рыза, воблака, неба, трэба, уласны, хрыбет. З чэшскай мовы ў беларускую прыйшлі словы: праца, робат, калготы, блакіт.

Запазычанні з неславянскіх моў вядомыя ў нашай мове са старажытных часоў. Суіснаванне на працягу доўгага часу ў адной дзяржаве літоўцаў і беларусаў прывяло да ўзбагачэння і беларускай мовы літоўскімі запазычаннямі – літуанізмамі: клуня, свіран, намітка, пуня, дойлід, капшук. Цюркізмы, у прыватнасці татарызмы, праніклі ў беларускую мову праз рускую або непасрэдна праз зносіны беларускага насельніцтва з татарамі, якія жылі на Беларусі: аркан, арда, базар, дыван, капкан, тапчан, торба, атаман, кандалы, каравул, гарбуз, качан, баран, барсук, халат, шапка, буран, туман. Словы грэчаскага паходжання праніклі ў беларускую мову пераважна праз пераклады рэлігійнай і навуковай літаратуры: акадэмія, акіян, дэльфін, аксаміт, базіс, дэкада, ікона, кафедра, геаметрыя, камедыя, космас, логіка, стыхія, фантазія, храналогія, бібліятэка, дыялект, параграф, царква, эканоміка. Вельмі пашыраныя ў беларускай мове словы з лацінскай мовы – лацінізмы, яны былі запазчаны або непасрэдна з лацінскай мовы, або праз мовы нашых суседзяў: аматар, аблігацыя, бульба, вакансія, дырэктар, квартал, кліент, крэдыт, пéня, працэнт, цэнтр, канстытуцыя, атэстат, прафесар, факсíміле, фонд, лексіка, юрыспрудэнцыя. Са старажытных часоў у беларускай мове існуюць запазычанні з нямецкай мовы – германізмы: абанент, біржа, бухгалтар, вэксаль, жабрак, маляр, майстар, каштарыс, кельня, слесар, швагер, варта, рота, штурм, гандаль, кошт, крама, рахунак, фунт, ланцуг, лямпа, труна, ліштва, шуфляда, шыба, бровар, дах, кухня, млын, фальварак, шпіталь, фарба, цэгла, цыбуля, цукар, бурштын, коўдра, футра, шыльда. Шырока выкарыстоўваюцца ў беларускай мове і словы з англійскай мовы (бізнес, долар, імпарт, менеджар, бартар, лізінг, сейф, чэк), галандскай (бакен, баркас, боцман, канвой, марціра, дамкрат, брас, краб, апельсін), французскай (абанемент, аванс, акрэдытыў, акцыз, алея, бланк, баланс, кашнэ, тузін, фасад), італьянскай (банк, валюта, макарона, опера, памідор, парасон, парапет, рызыка, фірма), фіна-ўгорскіх моў (цівун, акула, салака, нарты, кілька, пельмені, сані, тундра), іспанскай (кастаньеты, каньён, кафетэрый), кітайскай (чай, жэнь-шэнь), японскай (дзюдо, кімано, івасі, соя, сакэ, сушы, цунамі).

Пранікненне іншамоўных слоў – з’ява заканамерная для любой мовы. Гэта вынік палітычных, гандлёвых, эканамічных і культурных сувязей, цесных моўных кантактаў народаў свету. Запазычанні не парушаюць нацыянальнай самабытнасці беларускай мовы, яны ўзбагачаюць яе лексічную сістэму.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]