Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Bel.mova.dapamozhnik.doc
Скачиваний:
422
Добавлен:
05.02.2016
Размер:
856.58 Кб
Скачать

3 Стылістычныя пласты лексікі

Лексічнае значэнне слова можа ўзбагачацца дадатковай семантычнай якасцю – экспрэсіўнасцю. Такія словы называюцца стылістычна афарбаванымі: рагатаць, дыбаць, птушачка. Словы, якія не маюць гэтай афарбоўкі, называюцца стылістычна нейтральнымі: смяяцца, ісці, птушка.

Сярод стылістычна афарбаваных слоў вылучаюць у першую чаргу размоўную лексіку, якая ўжываецца толькі ў вусным маўленні (віндá, лапатáць, клёвы), і кніжную лексіку, якая ўжываецца пераважна ў пісьмовай форме мовы (пастулат, апалагет, баланс). Стылістычна афарбаваныя словы пазначаюцца ў слоўніках адпаведнымі лексікаграфічнымі паметамі: ласк. (ласкальнае), груб. (грубае), пагард. (пагардлівае), зневаж. (зневажальнае), іран. (іранічнае), лаянк. (лаянкавае), разм. (размоўнае), абл. (абласное), кніжн. (кніжнае), спец. (спецыяльнае), гіст. (гістарычнае), высок. (высокае), паэт. (паэтычнае) і інш. Ужыванне гэтай лексікі абумоўлена стылем тэксту, а нейтральная лексіка не мае абмежаванняў для выкарыстання і ўжываецца ў тэкстах любога стылю.

4 Сінонімы

Сінонімы (ад грэч. synonymos – аднайменны) – гэта словы, якія па-рознаму гучаць і пішуцца, але маюць тоеснае або блізкае значэнне, напрыклад: многа, шмат, багата, безліч, процьма і г.д. Група слоў, аб’яднаных сінанімічнымі адносінамі, утварае сінанімічны рад. У ім выдзяляецца асноўнае, стылістычна нейтральнае слова – дамінанта. Яно выражае агульнае для ўсіх слоў гэтага рада значэнне. Так, у сінанімічным радзе акружыць, абступіць, ачапіць, аблажыць, блакіраваць дамінанта – акружыць, яна мае прамое, стылістычна нейтральнае значэнне.

У залежнасці ад характару семантычна-стылістычных адносін паміж кампанентамі сінанімічнага рада вылучаюцца наступныя групы сінонімаў: абсалютныя, семантычныя і стылістычныя.

1 Абсалютныя (або поўныя) сінонімы не адрозніваюцца ні адценнямі значэнняў, ні стылістычнай афарбоўкай: маланка – бліскавіца, іслам – мусульманства, ацэнка – адзнака, арфаграфія – правапіс, намінатыўны – назыўны, кантынент – мацярык і інш.

2 Семантычныя (або ідэаграфічныя) сінонімы адрозніваюцца паміж сабой адценнямі значэння, інакш кажучы, аб’ёмам семантыкі. Так, у сінанімічнай пары страх – жах паняцце жах (‘моцны страх да здранцвення’) поўнасцю ўключае ў сябе ўсе прыметы паняцця страх і разам з тым мае дадатковыя значэнні (семы) ‘моцны’ і ‘да здранцвення’. Семантычнымі сінонімамі будуць такія словы, як акцёр – артыст, ісці – крочыць, касынка – хусцінка, малады – юны, чырвоны – кумачовы – пунсовы і інш. Адрозненне ў семантыцы сінонімаў гэтай групы праяўляецца ў несупадзенні спалучальнасці кожнага члена сінанімічнага рада з іншымі словамі. Параўн.: ісці/крочыць па вуліцы, але: асцярожна ісці па балоце (не крочыць).

3 Стылістычныя сінонімы – гэта тоесныя або блізкія па значэнні словы, якія маюць розную эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку і таму належаць да розных стыляў і сфер ужывання. Прыклады радоў стылістычна розных сінонімаў: асілак – сілач – волат – атлет – здаравяк – здаравіла – бугай (тут асілак і сілач – стылістычна нейтральныя словы, волат і атлет – кніжныя, здаравяк і здаравіла – размоўныя, бугай – размоўна-грубае); воін (кніжн.) – салдат (нейтр.) – ваяка (разм.); шоўк (нейтр.) – ядваб (кніжн.); вандроўнік (нейтр.) – пілігрым (кніжн.) – пацягака (разм.); ілгаць (нейтр.) – брахаць (разм.), плесці (разм.); украсці (нейтр.) – сцягнуць, сперці, сцібрыць (гутарк.); гультай – абібок, лянівец, лайдак, лежабока, труцень, гультаіна, завала (разм.) і інш.

4 Кантэкстуальныя сінонімы – гэта словы, якія не маюць сэнсавай сувязі і збліжаюцца па значэнні толькі ў пэўным кантэксце, набываючы пераносны сэнс: Настрой быў светлы, радасны. Словы светлы і радасны не з’яўляюцца сінонімамі паводле свайго лексічнага значэння, але ў гэтым сказе яны выступаюць як сінонімы, бо абодва азначаюць “добры настрой”.

Як адну з разнавіднасцей сінонімаў разглядаюць эўфемізмы (ад грэч. euphemia – ‘гавару ветліва’). Гэта словы і выразы, што служаць для замены такіх абазначэнняў, якія ў пэўных сітуацыях уяўляюцца таму, хто гаворыць, занадта грубымі, рэзкімі, непрыстойнымі. Напрыклад, замест спазняецца гавораць затрымліваецца, папрасілі замест выгналі, поўны замест тоўсты і інш. Сваімі каранямі эўфемізмы адыходзяць у далёкае мінулае. Іх узнікненне цесна звязана з лексічным табу – забаронай у першабытных народаў ужываць словы, што служылі назвамі багоў і духаў, смерці, хвароб, некаторых жывёл, сонца, агню і пад.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]