Скачиваний:
33
Добавлен:
18.05.2015
Размер:
342.02 Кб
Скачать

Лекцыя 12.Беларусь у перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года і грамадзянскай вайны. Стварэнне беларускай дзяржаўнасці.

План.

  1. Беларусь пасля звяржэння самаўладдзя. Беларускі нацыянальны рух і дзейнасць расійскіх партый.

  2. Беларусь пасля прыходу да ўлады бальшавікоў. І Усебеларускі з’езд.

  3. Абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Беларусі і Літоўска-Беларускай ССР.

  4. Паваеннае ўладкаванне ў Еўропе і ва ўсім свеце.

  5. Савецка-польская вайна 1919—1920 гг., яе вынікі.

  1. Беларусь пасля звяржэння самаўладдзя. Беларускі нацыянальны рух і дзейнасць расійскіх партый.

Вылучэнне Мінска ў якасці палітычнага цэнтра Беларусі. Лютаўская рэвалюцыя дазволіла розным палітычным партыям і грамадскім арганізацыям легальна ажыццяўляць сваю дзейнасць. Мінск ператварыўся ў вядучы палітычны цэнтр Беларусі. У ноч з 3 на 4 сакавіка ў горадзе на сходзе дэмакратычнай грамадскасці быў створаны Камітэт грамадзянскай бяспекі на чале з Барысам Самойленкам і Станіславам Хржанстоўскім. Часовы орган ўлады дзейнічаў да моманту дэмакратычнага перавыбрання гарадской думы (30 ліпеня). Заснаваны 4—8 сакавіка гарадскі Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў на чале з Б.Позернам абараняў інтарэсы працоўных і вайскоўцаў, аднак ніякіх прэтэнзій на ўладу ў Мінску не выстаўляў. Істотнай асаблівасцю паслярэвалюцыйнага развіцця не толькі Мінска, але і Беларусі было адсутнасць двоеўладдзя, супрацоўніцтва большасці палітычных сіл у справе падтрымкі Часовага ўрада.

Узнаўленне дзейнасці БСГ. Пад уплывам рэвалюцыйных падзей арганізацыі Беларускай cацыялістычнай грамады ствараліся ў розных месцах Беларусі і Расіі. 25 сакавіка ў Мінску адбыўся з’езд БСГ, дзе абмяркоўваўся бягучы момант. Тут жа ў красавіку-чэрвені выходзіў цэнтральны орган БСГ пад назвай «Грамада» пад рэдакцыяй Аркадзя Смоліча. Вылучаліся сваім уплывам мінская і петраградская арганізацыі. Мясцовая прымала нацыянальна-дэмакратычную афарбоўку, сталічная хілілася да бальшавізму. Але ў імкненні да аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі абедзве арганізацыі былі адзінадушнымі.

І з’езд беларускіх арганізацый. 25-26 сакавіка ў Мінску адначасова са з’ездам БСГ пачаўся і з’езд прадстаўнікоў беларускіх арганізацый і партый. Фактычна з’езд БСГ перарос у з’езд беларускіх арганізацый і партый. Прысутнічала каля 150 дэлегатаў. Яны стварылі Беларускі нацыянальны камітэт і надалі яму ролю вышэйшай краёвай установы. Старшынёй Беларускага нацыянальнага камітэту (Белнацкаму, БНК) стаў буйны пінскі землеўладальнік, краёвец і былы член Дзяржаўнай думы Раман Скірмунт. Яго абралі на гэту пасаду пры ўмове, што ён адмовіцца ад свайго маёнтка. У склад камітэта ўвайшло 18 асоб, сярод якіх былі аграном Аркадзь Смоліч, юрыст Павел Аляксюк, кандыдат філалогіі Браніслаў Тарашкевіч, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, інжынер Вацлаў Іваноўскі, паэт Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч). Грамадаўцы атрымалі ў БНК толькі шэсць месц, а таму істотнага ўплыву на яго працу не мелі. З’езд выпрацаваў дэкларацыю да Часовага ўрада з вельмі памяркоўнымі патрабаваннямі адкрыцця беларускіх школ і аўтаноміі для Беларусі. Пяціасабовая дэлегацыя на чале з Раманам Скірмунтам адвезла яе ў Петраград, але толькі марна патраціла час.

Характар беларускага руху. З беларускім рухам новым расійскім уладам можна было не лічыцца. Ён распыляўся па ўсёй імперыі ды яшчэ дзяліўся на прыхільнікаў і праціўнікаў аўтаноміі Беларусі. Бежанскія арганізацыі звычайна мелі дэмакратычную праграму і патрабавалі аўтаноміі. На беларускіх жа землях часам пад беларускай шыльдай выступалі абаронцы заходнерусізму і ад імя беларусаў упарта праводзілі лозунг «адзінай і непадзельнай» Расіі, вялі безупынную палеміку ў прэсе і на мітынгах з БСГ. Як нацыяналістычную асудзіў БСГ і І з’езд сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў, што адбыўся ў красавіку. Тое каталіцкае духавенства, што ў Петраградзе ў маі аб’ядналася ў партыю Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці (ХДЗ) на чале з ксяндзом Фабіянам Абрэнтовічам, таксама не заўсёды знаходзіла паразуменне з грамадаўцамі з-за сваёй антыбальшавіцкай скіраванасці. Праўда, беларускія арганізацыі і партыі стараліся мець сувязь з Белнацкамам, прызнавалі Мінск цэнтрам Беларусі і гэта неяк лучыла іх. БНК быў даволі памяркоўным у сваёй палітычнай дзейнасці. Мінскія дзеячы прытрымліваліся падкрэслена прарускай арыентацыі, займаліся пераважна навукова-асветнымі справамі і нічога не абяцалі сялянам да склікання краёвай беларускай рады (савета). Такая рахманасць дзеячоў БНК не задавальняла беларускіх нацыянал-радыкалаў.

Дзейнасць расійскіх палітычных сіл. 7-17 красавіка ў Мінску адбыўся І з’езд дэлегатаў войск і тылу Заходняга фронта, які абраў Франтавы камітэт і падтрымаў палітыку Часовага ўраду, а пра Беларусь нават не ўспомніў. Палітычная ініцыятыва ў краі належала расійскім партыям -- у першую чаргу эсэрам і меншавікам, якія панавалі ў мясцовых саветах і ў камітэтах парадку. Супраць беларускага руху аднадушна выступалі ўсе расійскія вялікадзяржаўнікі -- пачынаючы ад былых чарнасоценцаў і канчаючы бальшавікамі. Каб прынізіць беларускі рух у вачах мясцовага сялянства, яны ўмела выкарыстоўвалі тую акалічнасць, што Белнацкам узначальваў буйны землеўладальнік Раман Скірмунт. Так, у красавіку на І з’ездзе сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губерняў бальшавікі прыпынілі разгляд беларускага пытання, абвясціўшы яго польскай, “панскай” інтрыгай. Нацыянальныя дзеячы абвінавачваліся ў імкненні аддзяліцца ад Расіі і перадаць беларускіх сялян у рабства да польскіх памешчыкаў.

Правал ліпеньскага наступлення расійскай арміі выклікаў у вайскоўцаў выбух незадаволенасці Часовым урадам. Дзейнасць бальшавікоў актывізавалася. Ніхто так гучна, як яны, не абяцаў змучанаму вайной народу міру, зямлі, гаспадарання на прадпрыемствах, права на нацыянальнае самавызначэнне. І гэта было якраз тое, чаго не дачакаліся падданыя Расіі ад Часовага ўрада. Каб падтрымаць Часовы ўрад, у Мінску 15 ліпеня быў створаны Камітэт рэвалюцыйных арганізацый з прадстаўнікоў Саветаў, Франтавога камітэта, Камітэта грамадскай бяспекі, сацыялістычных партый і інш. Мінскія бальшавікі, хоць і стварылі ў горадзе ўласную арганізацыю ды пачалі выдаваць газету «Звязда», не здолелі істотна паўплываць на пашырэнне сярод мінчан антыўрадавых настрояў. Пазней (24 жніўня) гарадскія ўлады закрылі бальшавіцкую газету за антыўрадавую прапаганду.

Палявенне грамадаўцаў. Адначасова і БСГ вымушана была прыстасоўвацца да настрою народных мас, якія пахіснуліся ўлева. 4-6 чэрвеня яна сабрала ў Петраградзе свой ІІ з’езд, прыняла на ім праект новай праграмы і паставіла на чале ЦК замест Аркадзя Смоліча Зміцера Жылуновіча. БСГ абвясціла сваёй мэтай увядзенне сацыялістычнага парадку праз класавую барацьбу і сацыяльную рэвалюцыю. Праграма прадугледжвала шырокае развіццё беларускай культуры, нацыянальнай школы, поўнае самаўпраўленне Беларусі (у складзе Расіі) з заканадаўчай краёвай радай, раўнапраўе ўсіх нацый, што жылі на беларускай зямлі. Пахіленне ўлева дазволіла партыі павялічыць колькасць сваіх членаў да 5 тыс. чалавек, але адначасова яна страціла прыхільнасць дзеячоў правацэнтрыскага накірунку.

ІІ з’езд беларускіх арганізацый. На хвалі рэвалюцыянізму БСГ спрабавала адхіліць ад кіраўніцтва беларускім рухам лібералаў, якіх прэзентавала Беларуская партыя народных сацыялістаў (БПНС) на чале з Паўлам Алексюком. Узнікшыя спрэчкі абумовілі скліканне 8-12 ліпеня ў Мінску ІІ з’езда прадстаўнікоў беларускіх партый. З вялікай цяжкасцю дэлегатам удалося паразумецца на платформе неабходнасці адзінага нацыянальнага фронту і абраць, замест Беларускага нацыянальнага камітэта, Цэнтральную раду беларускіх арганізацый і партый. Праўда, пазней члены БПНС выйшлі са складу Цэнтральнай рады. І гэты орган апынуўся пад кіраўніцтвам левых сіл, якія адмяжоўваліся і ад хрысціянскіх дэмакратаў (хадэкаў). Лідэрства БСГ было заваёвана коштам страты адзінства беларускага нацыянальнага руху.

Дзейнасць Цэнтральнай рады. Новая галоўная арганізацыя беларусаў заявіла аб сваім імкненні перадаць усю зямлю без выкупу працоўнаму народу. Цэнтральная рада прадстаўляла толькі такія грамадскія і палітычныя арганізацыі, якія прызнавалі патрэбу аўтаноміі Беларусі, роднай мовы і развіцця нацыянальнай культуры. У склад яе выканаўчага камітэту ўвайшлі Язэп Лёсік, Язэп Дыла, Радаслаў Астроўскі, Фабіян Шантыр, Аркадзь Смоліч, Палута Бадунова, Зміцер Жылуновіч і іншыя. Рада пераняла ў Белнацкома яго друкаваны орган -- газету «Вольная Беларусь», якая выходзіла ў Мінску з 28 мая пад рэдакцыяй Язэпа Лёсіка. Круг чыннасці Цэнтральнай рады пашыраўся. Яна ладзіла сувязі з бежанцамі, рабіла захады супраць высечкі лясоў у Беларусі. Спецыяльна прыняты ёй «Статут беларускіх нацыянальных культурна-асветных гурткоў у войску» прадугледжваў наладжванне нацыянальнага выхавання беларусаў-вайскоўцаў і безумоўны ўдзел іх у абароне заваёў рэвалюцыі ў Расіі. Таму калі ў канцы жніўня рабілася спроба захопу ўлады генералам Лаўрам Карнілавым, на абарону дэмакратычнай Расіі дружна ўзняліся ўсе беларускія сілы. Тым не менш, Цэнтральная рада дзейнічала пераважна як нацыянальна-культурная арганізацыя. Яна не змагла прыцягнуць на свой бок нацыянальныя меншасці, недастаткова ўвагі надавала стварэнню беларускіх вайсковых фарміраванняў, адзінству нацыянальных сіл і, увогуле, пытанню аб уладзе. Пасля карнілаўшчыны Расія рэзка хіснулася ўлева. Стала відавочным поўная нежыццядзейнасць Часовага ўрада. Барацьба за ўладу абвастрылася. У Беларусі яе вялі два блокі палітычных сіл -- беларускі і расійскі. У жніўні-лістападзе ішла іх кансалідацыя. Польская партыя не выключала ўлучэнне Беларусі ў склад адноўленай польскай дзяржавы. Яўрэйскія партыі дзейнічалі ў русле агульнарасійскай палітычнай плыні.

Беларускі рух у арміі. Яшчэ ў маі Белнацкам стварыў Вайсковую беларускую арганізацыю. Тады ж узніклі і першыя паўлегальныя аб’яднанні беларусаў у войску Да беларускага руху далучыліся некаторыя генералы: Канстанцін Аляксяеўскі, Кіпрыян Кандратовіч, Пажарскі. З жніўня ў расійскіх арміях ствараецца густая сетка беларускіх арганізацый. Яны пакрываюць Беларусь, Расію, Украіну, Эстонію, Малдову. Вайскоўцы знаходзіліся пад уплывам пераважна эсэраў і БСГ. Дзякуючы энергічнай прапагандзе, якую вялі забраныя ў войска прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, рыхтавалася глеба для аб’яднання беларускіх вайсковых гуртоў. 18-24 кастрычніка ў Мінску з дазволу галоўнакамандуючага генерала Мікалая Духоніна сабраўся з’езд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту. Прыехалі і прадстаўнікі беларускіх арганізацый Балтыйскага флоту, Румынскага і Паўночнага франтоў. Дэлегаты выказалі гатоўнасць бараніць беларускія землі і расійскую дэмакратыю, прынялі рэзалюцыю аб пашырэнні беларускіх вайсковых арганізацый і абралі Цэнтральную Беларускую вайсковую раду (ЦБВР). Старшынёй яе выканаўчага камітэта стаў Сымон Рак-Міхайлоўскі, яго памочнікамі -- Язэп Мамонька і Кастусь Езавітаў. Беларускія вайсковыя фарміраванні ствараліся са спазненнем, але і з непазбежнасцю. Расійскае войска развальвалася і не магло абараніць Беларусь ад нямецкіх акупантаў, а мірнае насельніцтва -- ад мясцовых банд і расійскіх дызерціраў. Прыспешвала і тое, што на Міншчыне пачыналі гаспадарыць польскія вайсковыя злучэнні. Улетку 1917 г. у паразуменні з Часовым урадам Расіі і галоўнакамандуючым генаралам Лаўрам Карнілавым з палякаў, якія служылі ў расійскай арміі, быў сфарміраваны І польскі корпус на чале з генералам Юзафам Доўбар-Мусніцкім для барацьбы з немцамі. Ад 40% да 60% салдат Польскага корпуса складалі беларусы-католікі.

Стварэнне Вялікай беларускай рады. 15-24 кастрычніка пры ўдзеле прадстаўнікоў ЦБВР адбылося пасяджэнне Цэнтральнай рады беларускіх партый і арганізацый, пад час якой гэтай арганізацыі быў нададзены характар палітычнага цэнтра Беларусі і яна атрымала назву Вялікая Беларуская рада (ВБР). У складдзе яе выканкама зноў сабраліся прадстаўнікі беларускіх партый (БСГ, БПНС і ХДЗ). Старшынёй выканкама стаў Вячаслаў Адамовіч, яго намеснікамі – беларускі паэт Алесь Гарун (Аляксандар Прушынскі) і Аркадзь Смоліч.

Нетрываласць нацыянальнага фронту. 14-25 кастрычніка ў Мінску праходзіў ІІІ з’езд БСГ . Ён выказаўся за нацыяналізацыю зямлі і перадачу яе ў распараджэнне краёвай рады Беларусі. Беззямельным і малазямельным сялянам абяцалася дармовае надзяленне зямлёй. У Цэнтральны Камітэт БСГ увайшлі Язэп Дыла (старшыня), Алесь Гарун, Аркадзь Смоліч, Палута Бадунова, Язэп Варонка, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя. Дэлегатамі з’езда былі такія вядомыя беларускія дзеячы, як Ігнат Дварчанін, Радаслаў Астроўскі, Аляксандр Чарвякоў, Фабіян Шантыр. Незадаволенасць агульнадэмакратычнай праграмай Вялікай беларускай рады прывяла членаў БСГ да выхаду з выканкама гэтай арганізацыі. Вялікія надзеі ўскладаліся на Устаноўчы сход, да выбараў якога рыхтавалася ўся краіна.

Гуртаванне бальшавікоў. Зусім іншыя планы былі ў ленінцаў. Першая паўночна-заходняя абласная канферэнцыя партыі бальшавікоў, што праходзіла ў сярэдзіне верасня, абмеркавала пытанне аб узброеным паўстанні (рашэнне аб падрыхтоўцы яго прыняў YI з’езд партыі бальшавікоў у Петраградзе) і абрала Паўночна-заходні абласны камітэт партыі пад старшынствам Аляксандра Мяснікава. Бальшавікі абапіраліся тут амаль выключна на расійскае войска. Яны мелі перавагу над беларускімі сіламі, бо на Заходнім фронце доля беларускіх вайскоўцаў была зусім нязначнай.

Захоп бальшавікамі ўлады ў Беларусі. Паспяховы бальшавіцкі пераварот у сталіцы (25 кастрычніка) не прывёў да аўтаматычнага захопу ўлады паслядоўнікамі Уладзіміра Леніна на беларускіх землях. Трыумфальнага шэсця саветаў тут не было, як пра тое хваліліся пасля камуністы. Мела месца зусім іншая з’ява -- трыўмфальны развал адміністрацыі Часовага ўрада. Бальшавікі не мелі ў Беларусі трывалай улады аж да 1921 г. Але яны аказаліся больш актыўнымі, у параўнанні з беларускімі лідэрамі, і адразу ж пасля падзення Часовага ўрада пачалі хуценька прыбіраць уладу да сваіх рук. Ужо 26 кастрычніка бальшавікі ад імя Мінскага гарадскога савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў абвясцілі аб спыненні паўнамоцтваў дэмакратычна абранай ў жніўні гарадской думы і перадачы ўлады гарадскому савету, хоць апошні ніякіх пастанаўленняў на тое не прымаў. Супраціўленне бальшавіцкаму экстрэмізму працягвалі прадстаўнікі старой улады і левацэнтрысцкія сілы ў Мінску, Магілёве, Оршы. Так, у Мінску ў супрацьвагу бальшавіцкаму Савету ўтварыўся рэвалюцыйна-дэмакратычны орган улады пад назвай Камітэт выратавання рэвалюцыі Заходняга фронту. Але з левым экстрэмізмам змагацца было цяжэй, бо, у адрозненне ад правага (карнілаўшчыны), ён умела карыстаўся сацыяльнай дэмагогіяй і меў падтрымку люмпенізіраванага вайной насельніцтва. Антыбальшавіцкае супраціўленне ў Мінску было спынена 2 лістапада, калі на дапамогу Мінскаму савету з Заходняга фронту прыбылі вайсковыя злучэнні, у тым ліку бронецягнік. Яго камандзір, бальшавік Пралыгін, прабіўся ў горад толькі дзякуючы жорсткім пагрозам расстрэльваць стрэлачнікаў і знішчаць чыгуначныя станцыі. У Магілёве, дзе месцілася стаўка галоўнакамандуючага расійскіх войск, улада да бальшавікоў перайшла толькі 20 лістапада.

Соседние файлы в папке Конспект лекций по истории Беларуси. Нарыс гісторыі Беларусі. Шибеко З.В.