Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Бохан.Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV - канца XVI ст.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
962.05 Кб
Скачать

Штурмгабы (штурмакі).

У сучаснай еўрапейскай збраязнаўчай навуцы лічыцца, што ў аснове генезісу штурмгаба (ням. Sturmhaube) ляжала салада. Аднак не выключана, што на кшталтаванне такіх шлемаў аказала таксама ўплыў прылбіца малодшага тыпу. Аснову штурмгаба складаў глыбокі звон з рухомым альбо нерухомым брыльком, найчасцей з грэбенем i з рухомымі шчокамі ці падбароднікам на шарнірах. Ахова патыліцы i шыі ажыццяўлялася як пры дапамозе выціягнутай тыльнай часткі звона, так i праз даданне фольгавага напатылічніка. Як правіла, штурмгабы выступалі ў якасці адкрытага шлема, аднак ужываліся таксама экземпляры з аховай твару ў выглядзе маскападобнай заслоны альбо падбародніка-«барта» з візурай. У другой палове XVI ст. бытавалі таксама штурмгабы з рухомым наноснікам-«стрэлкай», прапушчанай праз адтуліну ў брыльку. На землях Вялікага Княства Літоўскага штурмгабы ўжываліся з сярэдзіны XVI ст., хоць спарадычна яны маглі выкарыстоўвацца i раней. На думку 3. Фуіньскага, штурмгаб уваходзіў у склад даспешнага гарнітура работы аўсбургскага платнера Кольмана Гешміда з радзівілаўскай збраёўні ў Нясвіжы, які датуецца прыблізна 1530 г. Пару дзесяцігоддзяў пазней падобныя нагалоўі робяцца ўжо даволі масавымі, аб чым сведчыць, між іншым, запіс аб высылцы ў 1557 г. па заказе надворнага платнера Жыгімонта Аўгуста Фларыяна Сібенбургера з Кракава ў Вільню «Armzeug und Sturmhauben geleych 150». У 1566 г. у «цекгавзе» Берасцейскага замка знаходзілася 99 штурмгабаў, прычым іншых шлемаў замкавы інвентар не фіксуе. Вялікая колькасць штурмгабаў мелася ў распараджэнні асобных магнатаў і заможнай шляхты. Так на попіс 1567 г. Каралеўскі сакратар пан Вацлаў Агрыпа «ставил коней пять збройне – зброи блях., штурмгабы, а влочни…». З 15 вершнікаў, выстаўленых у тым жа годзе старастам Пінскім Юрыем Іванавічам, штурмгабы мелі 13 чалавек. Падобныя ж шлемы складалі большасць нагалоўяў, высланых у 1569 г. з Нясвіжа да Чарнаўчыц. Сярод ix налічвалася: «штурмгабаў для пешага люду шмальцаваных 36», «штурмгабаў з насамі для езднага люду шмальцаваных 13», «штурмгабаў месцамі пазалацістых 2», «штурмгабаў паліраваных да пешага люду 9», «штурмгаб заварты шмальцаваны 1». Штурмгабы з насамі «з насамі» - гэта, напэўна, нагалоўі з наноснікам-«стрэлкай», у той час як «штурмгаб з бартам» мусіць азначаць нагалоўе са шчокамі і накладным падбароднікам, а «штурмгаб заварты» - шлем з маскай-заслонай. Такія штурмгабы ўваходзілі, дарэчы, паводле рэканструкцый О. Гамбера і З. Фуіньскага, у склад гарнітура Мікалая Радзівіла Чорнага работы Кунца Лохнера і яшчэ аднаго нясвіжскага гарнітура другой паловы ХVІ ст., асобныя часткі якога знаходзяцца зараз у музеі мастацтва Метраполітэн у Нью-Йорку. Абодва нагалоўі мелі глыбокі звон, да якога на скроневых шарнірах мацаваліся брылёк і падбароднік з каўняром. Па баках падбародніка меліся яшчэ дзве пары шарніраў для мацавання двухчасткавай заслоны, якая адхілялася шляхам апускання ўніз (мал. 27). Гарнітур Радзівіла Чорнага ўключаў таксама i адкрыты штурмгаб, які на сённяшні дзень знаходзіцца ў зборах венскага Музея ўзбраення. Шлем характаразуецца глыбокім звонам з аформленай у выглядзе напатылічніка тыльнай часткай, дзе размяшчаецца ўтулка пад султан, высокім грэбенем, статычным «ламаным» брыльком i шырокімі шчокамі (іл. III). Падобны па сваёй канструкцыі штурмгаб належаў i брату Мікалая Радзівіла Чорнага — Мікалаю Радзівілу Рудому. Скласці ўражанне аб выглядзе штурмгаба дазваляе партэт уладальніка, змешчаны ў выдадзенай у 1601 г. у Інсбруку «Кнізе пра знакамітых воінаў», дзе гэты шлем паказаны ў камплекце з італьянскім паўдаспехам, вырабленым у 1545 – 1551 гг. Зрэдку фіксуецца ўжыванне штурмгабаў i феадаламі з больш сціплымі фінансавымі магчымасцямі. У попісе 1567 г. згадваецца ашмянскі шляхціц Юры Забалоцкі, які «ставил конь 1 збройно, зброя бляхова, штурмгаб, рогат.». Разам з тым ужыванне штурмгабаў павятовай шляхтай насіла хутчэй парадычны, выпадковы характар, на што паўплывала, як падаецца, распаўсюджанне іншых нагалоўяў з блізкімі баявымі якасцямі, а менавіта шышакоў.