- •Кароткі канспект лекцый Па гісторыі дзяржавы і права беларусі ўводзіны
- •1. Прадмет I задачы гiсторыi дзяржавы I права Беларусi
- •2. Гістарыяграфія гісторыі дзяржавы і права Беларусі
- •3. Грамадскі лад усходне-славянскіх княстваў у IX — першай палове XIII ст.
- •4. Палітычны лад дзяржаў-княстваў
- •5. Станаўленне права старажытнай Беларусі і яго характарыстыка
- •6. Утварэнне Вялікага Княства Літоўскага
- •7. Грамадскі лад Вялікага Княства Літоўскага
- •8. Палітычны лад вкл
- •9. Люблінскі сойм і ўмовы аб’яднання вкл з Польшчай
- •10. Заканадаўчае замацаванне самастойнасці Вялікага Княства Літоўскага пасля Люблінскай уніі
- •11. Крыніцы права феадальнай Беларусі
- •12. Судзебнік Казіміра 1468 г.
- •13. Статуты Вялікага Княства Літоўскага
- •14. Канстытуцыйнае права ў статутах вкл
- •15. Грамадзянскае права ў статутах вкл
- •16. Крымінальнае права Беларусі ў XVI ст.
- •17. Вышэйшыя судовыя органы Вялікага Княства Літоўскага
- •18. Мясцовыя судовыя органы вкл
- •19. Працэсуальнае права Вялікага Княства Літоўскага
- •20. Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай
- •21. Акт «Ураўнаванне правоў Вялікага Княства і Кароны» 1697 г. І «Літоўская пастанова» 1700 г.
- •22. Спробы ажыццяўлення рэформ у галіне дзяржаўнага кіраваннЯ Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст.
- •23. Кароткі агляд права Беларусі ў другой палове XVI — XVIII ст.
- •24. Судовыя ўстановы і права Беларусі ў канцы XVIII - першай палове XIX ст.
- •25. Рэформа 1861 г. Мясцовыя органы дзяржаўнага кіравання і самакіравання пасля адмены прыгоннага права
- •26. Судовая, земская і гарадская рэформы
- •27. Першы ўсебеларускі з’езд і абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі
- •28. Абвяшчэнне ссрб. Утварэнне Літоўска-Беларускай сСр
- •29. Другое абвяшчэнне ссрб
- •30. Узаемаадносіны ссрб і рсфср. Уваходжанне Беларусі ў склад ссср
- •31. Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне бсср. Пашырэнне тэрыторыі рэспублікі
- •32. Развіццё права ў Беларускай сср у 20—30-я гг. XX ст.
- •33. Канстытуцыі Беларускай сср 1927 і 1937 гг.
- •34. Судовыя органы Беларусі ў 20–30-я гг. XX ст.
- •35. Землi Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Уз’яднаннЕ Заходняй Беларусі з бсср
- •36. Прававыя меры павышэння абараназдольнасці краіны напярэдадні і ў час Вялікай Айчыннай вайны
- •37. Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання бсср у гады Вялікай Айчыннай вайны
- •38. Права ў гады вайны
- •39. Вышэйшыя органы дзяржаўнай улады і кіравання бсср у другой палове 40-х — 80-я гг. XX ст.
- •40. Беларуская сср на міжнароднай арэне
- •41. Развіццё права Беларускай сср у другой палове 40-х — 80-я гг. XX ст.
- •42. Канстытуцыя бсср 1978 г.
- •43. Абвяшчэнне дзяржаўнага суверэнітэту Беларускай сср
- •44. Кадыфікацыя заканадаўства суверэннай Рэспублікі Беларусь (90-я гг. XX ст. – пачатак XXI ст.)
- •45. Асноўныя этапы беларуска-расiйскай iнтэграцыі
14. Канстытуцыйнае права ў статутах вкл
Канстытуцыйныя нормы складаюць значную частку Статутаў ВКЛ. У іх замацаваны асновы дзяржаўнага ладу Вялікага княства Літоўскага, правы i абавязкі розных станаў грамадства, асноўныя прынцыпы судовага ладу. Канстытуцыйныя нормы ўтрымліваюцца ў асноўным у першых трох раздзелах усіх трох Статутаў, але ўключаюцца i ў iншыя раздзелы.
Канстытуцыйнае права XVI ст. будуецца на наступных прынцыпах. Па-першае, абмежаванне ўлады гаспадара і імкненне да падзелу ўлады. Апошняе больш поўна замацавана ў Статуце 1588 г., у якім заканадаўчыя функцыі замацоўваюцца за соймам, выканаўчыя за князем і радай, судовыя за створанымі ў ходзе судовай рэформы судамі — Галоўным (трыбуналам), земскімі шляхецкімі і падкаморскімі.
Па-другое, зацвярджэнне прынцыпу дзяржаўнага суверэнітэту, які накіраваны на ахову тэрытарыяльнай цэласнасці і недатыкальнасці дзяржавы. Ва ўсiх Статутах захоўваюцца нормы, якія забараняюць вялікаму князю раздаваць землі і пасады іншаземцам.
Па-трэцяе, прынцып прававога суверэнітэту, які рэалізуецца праз юрыдычнае замацаванне адзінства права на ўсёй тэрыторыі дзяржавы і для ўсіх праваздольных грамадзян, у тым ліку і вялікага князя. Ідэя прававога парадку была накіравана супраць дэспатызму гаспадара і буйных феадалаў.
Па-чацвёртае, заканадавец імкнецца рэалізаваць прынцып справядлівасці ва ўсіх праваадносінах. У артыкулах Статутаў утрымліваюцца звароты як «к багатым, так і к убогім». Закон замацоўвае такія важныя канстытуцыйныя нормы, як права на ўласнасць, на ахову жыцця, гонару, маёмасці, на судовую абарону, на свабодны выезд за межы дзяржавы, для шляхты права прадстаўніцтва ў органах дзяржаўнай улады, органах кіравання і судах, для гараджан — у органах гарадскога кіравання і суда.
Па-пятае, прынцып рэлігійнай талерантнасці. Асабліва дакладна гэты прынцып распрацаваны ў артыкуле 3 раздзела III Статута 1588 г., дзе вялікі князь абавязваецца «...пакой паспаліты межы разорванымі і рознымі людзьмі ў веры і набажэнстве заховываць».
Вельмі важна і тое, што Статуты надрукаваны былі не на лацінскай, а на старабеларускай мове, чым ганарыліся заканадаўцы.
Разам з тым канстытуцыйнае права XVI ст. было даволі супярэчлівым, што праяўлялася ў дэклараваннi ўсеагульнасці закона, з аднаго боку, і стварэнні льгот і пераваг для шляхецкага стану – з другога.
15. Грамадзянскае права ў статутах вкл
Уздыму феадальнага права на якасна новы ўзровень садзейнічала актывізацыя тавара-грашовых адносін, павелічэнне гандлёвага капіталу, складванне адзінага дзяржаўнага рынку і г. д. У заканадаўстве ВКЛ XVI ст. выразна выяўляюцца тэндэнцыі пераходу ад абмежаванага права феадальнай уласнасці да неабмежаванага буржуазнага права прыватнай уласнасці, пашырэнне iндывідуальных паўнамоцтваў суб’ектаў права, асабіста шляхты, уніфікацыі парадку распараджэння нерухомай маёмасцю. У прававых адносінах паступова пачынае выступаць абстрактная асоба: пакупнік, уласнік, залогаатрымальнік і г. д. У Статутах мы ўжо знаходзім цэлыя раздзелы, прысвечаныя цалкам асобным інстытутам грамадзянскага права. Так, IV раздзел Статута 1529 г. утрымлівае нормы сямейнага і спадчыннага права, V — апякунскага, IX — залогавага. У Статутах 1566 і 1588 гг. з’яўляюцца раздзелы, прысвечаныя спадчыннаму праву («О тестаментах»), абавязацельнаму («О записях и продажах») і інш. Некаторыя праваадносіны знайшлі адлюстраванне ў форме замацавання норм-прынцыпаў, што дазваляла вылучыць асноватворныя нормы i iнстытуты грамадзянскага права ў пэўных раздзелах Статутаў. Такім чынам, у статутны перыяд былі закладзены асновы далейшага развіцця галіновай структуры права.
У заканадаўстве пачынаюць выяўляцца асноўныя элементы грамадзянскіх праваадносін: аб’ект, суб’ект, іх правы і абавязкі. Аб’ектам грамадзянскіх праваадносін лічылася ўсё тое, што магло служыць сродкам ажыццяўлення інтарэсу, і ў першую чаргу гэта рэчы, а таксама дзеянні адносна перадачы рэчаў, асабістых паслуг, прыкладання ўласнай працоўнай сілы.
Суб’ектам з’яўлялася асоба, здольная ўступаць у юрыдычныя адносіны. Поўная праваздольнасць суб’екта мела месца пры наяўнасці падданства ВКЛ і пэўным стане сацыяльнай свабоды. Некаторыя катэгорыі насельніцтва (перш за ўсё чэлядзь нявольная) былі пазбаўлены праваздольнасці. Праваздольнасць простых людзей мела тэндэнцыю да абмежавання. Абмяжоўвалася праваздольнасць незаконнанароджаных). Поўнасцю пазбаўляліся правоў так званыя вываланцы (банiты) (выгнаныя за межы дзяржавы, гл. падрабязней с. 59), абвешчаныя судом па-за законам.
Дзеяздольнасць асобы залежала ад пэўнага ўзросту. Згодна са звычаёвым правам статутнае заканадаўства звязвае дзеяздольнасць са шлюбным узростам. У Статуце 1529 г. — 18 гадоў для мужчыны і 15 гадоў для жанчыны (раздзел I, артыкул 18); у Статуце 1566 г. — 15 гадоў для асоб абодвух полаў (раздзел III, артыкул 38); у Статуце 1588 г. — 18 гадоў для мужчыны і 13 гадоў для жанчыны (раздзел IV, артыкул 1). Разам з тым жанчыны і пасля шлюбнага ўзросту (асабліва замужнія) абмяжоўваліся ў дзеяздольнасці. Яны павінны былі выступаць у судзе толькі ў прысутнасці мужа, бацькоў ці апекуноў. Вышэйшай, асабліва адносна маёмасці, была дзеяздольнасць удоў.
Абмяжоўвалася дзеяздольнасць нежанатых мужчын. Пазбаўляліся права ўступаць у грамадзянска-прававыя адносіны псіхічна хворыя людзі (так званыя «шалёныя») і асобы, якія не здольны былі разумець сутнасць і характар сваіх дзеянняў, разумова непаўнацэнныя («дурні»), і іх замяшчалі апекуны.
Сувязь паміж правам і абавязкам узнікала праз юрыдычны факт, пад якiм разумеліся ўсялякія акалічнасці, якія цягнулі за сабой, у адпаведнасці з законам, тыя ці іншыя наступствы.
У выпадку парушэння свайго права дзеяздольная асоба магла звярнуцца ў суд. 3 мэтай стабілізацыі маёмасных адносін і спынення фармальных адносін, якія ў некаторых выпадках працягваліся па інэрцыі ці недагляду, уводзiлася так званая «земская даўнасць», гэта значыць абмежаваны тэрмін, на працягу якога асоба магла патрабаваць абароны праз суд свайго парушанага права. У большасці выпадкаў земская даўнасць складала 10 гадоў.
Статут 1588 г. паўтараў норму Статута 1566 г. аб непашырэнні iскавай даўнасці на дагавор залогу i ў дапаўненні адзначаў, што i «долг пазычаны» не мае земскай даўнасці (раздзел VII, артыкул 2).
Важным для развіцця феадальнай дзяржавы было ўдакладненне ўзаемаадносiн паміж суб’ектамі права адносна аб’ектаў рэчавага права. Аб’ектамі рэчавага права феадальнай Беларусі былі маёнткі з залежнымі людзьмі, землі, лясы, чэлядзь нявольная і інш.
Спосабамі набыцця рэчавых правоў у XVI ст. былі: акупацыя (захоп), выслуга, даўнасць, спадчына, знаходка, прырашчэнне і некаторыя іншыя. Заканадавец XVI ст. ужо дастаткова вызначае і адрознівае такія правы на рэчы, як уласнасць, валоданне («держанне»), залог, сервітуты.
Нормы феадальнага права аб’ядноўвалі часам у адзіным паняцці ўласнасці рэчавыя правы і абавязацельныя патрабаванні. Асаблівае развіццё атрымалі ў Статутах (найбольш дакладна ў Трэцім Статуце) залогавыя і абавязацельныя праваадносіны.
Пры залоге маёмасці да крэдытора пераходзіла права валодання і карыстання маёмасцю залогадавальніка без перахода права ўласнасці. Правы на землеўладанне маглі быць перададзены і іншым асобам.
Уключэнне нерухомай маёмасці ў тавараабарот прыводзіла да развіцця такіх відаў дагаворных абавязацельстваў, як купля-продаж, мена, дарэнне, арэнда, пазыка, найм, падрад і інш. Пры рэгламентацыі праваадносін заканадавец перш за ўсё звяртае ўвагу на фармальны бок і патрабуе іх належнага афармлення. Нават здзелкі з рухомай маёмасцю (на суму звыш 10 кап. грошай) павінны былі заключацца ў пісьмовай форме, часам у спецыяльных месцах і ў прысутнасці сведак. Здзелкі з нерухомасцю патрабавалі натарыяльнага сведчання (адпаведны запіс рабіўся ў спецыяльных судовых кнігах). Калі закон не прадугледжваў больш складанай формы, то выкарыстоўвалася простая — вусная. Усё большае значэнне заканадавец надае ўмовам законнасці здзелак, правамоцтвам бакоў, парадку і відам адказнасці. Сродкамі ўмацавання і забеспячэння абавязацельных адносін былі задатак, няўстойка, зарука, паручыцельства і інш.
На спадчынныя праваадносіны вялікі ўплыў зрабіла рымскае права. Статуты ведаюць спадчыннікаў па закону і па завяшчанню, гавораць аб чарговасці сваякоў, уводзяць асаблівы парадак наследавання мацярынскай маёмасці, рэгламентуюць выпадкі пазбаўлення правоў на спадчыну і шмат iншага. Значную ўвагу закон надае парадку афармлення завяшчанняў i з вялікай павагай ставiцца да натарыяльна завераных завяшчанняў. Разам з тым прызнавалася і хатняя форма завяшчання, якая патрабавала прысутнасці сведак. Завяшчанне, форма якога не адпавядала закону, магло быць аспрэчана ў судзе.
